Адразу і не скажаш, што з’яўляецца той гарадзенскай рызынкай, якая можа прыцягваць турыстаў да нас. А развіваць турызм нам ёсць куды. Да прыкладу, калі верыць афіцыйным дадзеным, у  2011 год Беларусь наведала прыкладна 990 тысяч турыстаў.

Часцяком чую, што наш горад не прыстасаваны для турыстаў. І таго няма, і гэтага. Вось і  старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра зазначае пасля правядзення IX Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур: «Неабходна прапрацаваць арганізацыю яшчэ не меньш за 10 фестываляў і святаў, якія прывядуць у вобласць турыстаў».

Хто ж спрачаецца. Добрая ідэя, але  хочацца сказаць, што фестывалі – не панацэя. І адкрыць страшную тайну. У Еўропе турызм  існуе не толькі ад свята да свята, а кожны дзень. Ужо даўно распрацавана добрая інфраструктура, у якую ўваходзяць не толькі дарагія і танныя гатэлі, цікавыя музеі, наяўнасць зручных  парковак, вялікая колькасць разнастайных кавярняў, але і добра арганізаваны продаж розных сувеніраў ды «памёнтак».

Гуляючы па Стакгольму, я здзіўлялася вялікай колькасці сувенірных лавак, якія гандлявалі амаль усім – ад кітайскіх магніцікаў з відамі сталіцы Швецыі да рэканструкцыі сапраўдных шаломаў вікінгаў. Добра  быў прадстаўлены і такі модны зараз сегмент сувенірнага рынка, як хэндмэйд:  ад вырабаў з воўны ды традыцыйных цёплых вязаных рэчаў са скандынаўскімі ўзорамі  да вельмі дарагіх аўтарскіх лялек. Натоўпамі вязуць са Швецыі гномаў, ласей ды троляў, якія сталі  брэндамі гэтай краіны. Ці  ёсць у нас такія брэнды?  Што можам мы прапанаваць выпадкова трапіўшаму ў наш горад турысту?

На жаль, у нас і дзесятай  часткі няма тых крамаў, што ёсць у еўрапейскіх гарадах. Ды і  турысту знайсці іх будзе дастаткова цяжка, бо няма ўказальнікаў і нейкіх абазначэнняў гэтых крамаў.  Зараз – самы турыстычны сезон. Што прапануюць мясцовыя сувенірныя крамы? На вуліцы Ажэшкі, якая лагічна вядзе турыста ў цэнтр, ёсць, бадай што, адзінае месца, дзе можна што-небудзь набыць. Гэта Гарадская выставачная зала. Адначасова можна і выставу якую глянуць. Тым больш, што квіток каштуе вельмі танна. Тут можна набыць скураныя вырабы вытворчасці фірмы «Макей». Да слова, гэтыя вырабы прысутнічаюць  амаль ва ўсіх сувенірных ды больш -менш буйных крамах. Выбар стандартны – ключніцы, вокладкі для пашпартоў, розныя аплеценыя скурай кубкі, фотаальбомы і фотарамкі. Кошты ад 20 да 800 тысяч.  Тут жа можна набыць і карціны мясцовых мастакоў. А далей, ажно да вуліцы Савецкай аніводнай сувенірнай крамы няма. Для турыстычнага еўрапейскага горада такая сітуацыя проста непрымальная. Нарэшце, зусім выпадкова заходзім ў краму «Прамень», якую я памятаю яшчэ з дзяцінства. Як і тады, тут гандлююць гадзіннікамі. Аднак ёсць цэлы адзел сувеніраў, якія прадстаўлены і магніцікамі, і лялькамі з  дрэва ды ільна, вытворчасць якіх не змянілася, здаецца, яшчэ з савецкіх часоў.

Што ж, выбар які-ніякі ёсць. Ідзем далей. Наўрад ці просты  еўрапейскі турыст здагадаецца, што ва ўнівермазе могуць прадавацца сувеніры, тым больш, аніводнага надпіса, хаця б на польскай мове, не было заўважана. Пра ангельскую можна ўвогуле не казаць. Тым не менш, на першым паверсе існуе аддзел з рознымі сувенірамі, дзе можна знайсці нават больш-менш крэатыўныя магніцікі ў выглядзе беларускіх рублёў.

На галоўнай вуліцы нашага горада можна зайсці яшчэ ў крамы «Жемчужіна», «Ратушны» ды «Праметэй»… Той жа стандартны набор – магніцікі, вырабы з саломы ды ільна. Турысту, калі шчыра, не хочацца губляць  свой  час на пошук сувеніраў. Аднак у нашым горадзе нельга шукаць лёгкіх шляхоў. І  да гэтага трэба быць падрыхтаваным.

Адзначу, выбар хоць і есць, але усё неяк «прэсна». Мне давялося паразмаўляць з расійскімі турысткамі, якія выбіралі магніцікі у краме «Баторыя». Так, у прадуктовай краме ёсць адмысловы аддзел з сувенірнай прадукцыяй.

– Хочацца купіць нешта. Цікавае. І грошы ёсць, і быццам бы нядорага, а няма нічога, што спадабалася б, – круцячы ў руках дэкаратыўную талерачку, скардзілася адна з жанчын.

Яны так нічога і не купілі.

Сапраўды, ва ўсіх узгаданых крамах прадаецца адзін і той жа стандартны набор сувеніраў. Адныя і тыя ж выявы зуброў, як сімвала Беларусі, адныя і тыя  ж выявы помнікаў, некаторыя  чамусьці ў чорных рамках-віньетках.  Праўда, сярод аднолькавых магнітаў  ды саламяных вырабаў можна там-сям знайсці нешта цікавае – напрыклад, магніты з  малюнкамі  Н. Арды былі заўважаны як раз у «Баторыі». Трохі іншая сітуацыя ў спецыялізаваных сувенірных крамах, якія знаходзяцца ў цэнтры. Гэта – «У майстра», «Хата мастака», «Мечталія» , «Ткалля» ды «Фядорына шчасце». Апошняя – хоць і пасудная лаўка, але прапануе і сувеніры. Галоўнае адрозненне гэтых крамаў у тым, што тут можна знайсці сапраўдны хэндмэйд. Але ж, «Мечталія», якая знаходзіцца на Вялікай Траецкай, прапануе хоць і выкшталцоныя, але кітайскія сувеніры. Колькасць цацак і лялек, зробленных рукамі гарадзенскіх майстрой і майстрых, невялікая.  Таксама неблагі выбар керамікі. Адразу трэба мець на ўвазе, што хэндмэйд-вырабы  будуць каштаваць даражэй, чым штампаваныя магніцікі.

Іншая сітуацыя ў краме «Ткалля», якая знаходзіцца на Замкавай. Тут сабраны толькі хэндмэйд з уклонам на самабытныя рамёствы ды беларускі стыль. Гаспадыня крамы Яўгенія Станіна з гонарам паказвае нам звязаны са льна ажурны топік і распавядае, што маці майстрыхі, якая зрабіла гэтую працу, сама вырошчвала і апрацоўвала гэты лён. Ці заходзяць турысты, – пытаюся.

– Так, заходзяць, але хацелася б, каб большая была цікавасць, – адказвае Яўгенія, паказваючы нам  вышываныя кашулі ды сапраўды прыгожыя магніцікі. Дзеліцца планамі ды марамі аб адраджэнні рамёслаў, каб нарэшце была нейкая візытовая картка нашай краіны і нашага горада.

Сувеніры турыстам  прапануюць яшчэ ў нашых замках, але выбар там той жа, што і ў іншых неспецыялізаваных крамах. Попыт, вядома, нараджае прапанову. Але турысту гэтую прапанову яшчэ трэбу… адшукаць. Нейкае замкнёнае кола: турысты шукаюць сувеніры, сувеніры дзе-нідзе ёсць, але гэтае «дзе-нідзе» патрабуе асобнага пошуку. Але каштоўны час нармальны турыст лепш патраціць на свае турыстычныя справы – фотаздымку, экскурсіі, шпацыр.