Чадам ад салютаў і прамоваў зацягнута тры чвэрткі неба. Нейкае ідэалагічнае цунамі. Па тэлевізару – няма ні хвіліны продыху ад стрэлаў, ад кіношных супермэнаў. Усюды – сходы, воплескі. Прынята віншаваць адзін аднаго з самым вялікім святам. Паспрабуй сказаць што-небудзь не так — скасавурацца: як гэта так — уся рота грукае абцасамі ў такт, а цябе цягне некуды ў балота…

 

Велізарнае значэнне Перамогі над фашысцкай Германіяй неабвержнае. Але ж адлегласць паміж маем 1945 і маем 2011 у 66 гадоў вымагае ня толькі бравурнага трэску.

Часта гучыць пагроза на адрас тых, хто хоча “у нас” скрасці свята. Вось тут варта падумаць, хто і што хоча скрасці, а хто ўжо скраў тое, што хацеў?..

У майго роду ёсць асабісты рахунак да той вайны. Дзеда Васіля, якога я ведаю толькі па некалькім фотакарткам, фашысты арыштавалі і звялі нямаведама куды. Тое, што ён загінуў у тыя дні, не выклікае сумневу. Сястрыца Алена, перадваеннага году нараджэння, памерла, калі маці хавалася ў лесе пад час так званай блакады. Не хапла ежы, не было лекаў, трэсла ліхаманка ад холаду. Казалі, што яна вельмі прасіла малачка…

Бацька вымушаны быў панюхаць фінскага пораху, а потым германскага. На шчасце, перанёс толькі некалькі кантузій. Вярнуўся жывым.
Родная вёска была спаленая разам з жыхарамі, якія не схацелі ўцякаць у лес. На месцы жудаснага крэматорыя цяпер расце дзікая ігруша і стаіць невыразная каменная пліта. Мясцовы мемарыял закінуты, і сама вёска гіне. Чатыры новыя дамы, пастаўленыя на колішніх агародах, яе не выратуюць. Якасць дамоў абы якая, кажуць вяскоўцы, зімой вецер сцены прасвіствае — і селяцца ў іх так званыя “перакаці – поле”.

З ветэранаў застаўся адзін чалавек. Ваенныя гады для яго прайшлі недзе ў азіяцкіх стэпах, чаго яго туды занесла, невядома, гаварыць пра гэта дзед не ахвочы. Напярэдадні на падворак яму прывезлі 20 кубаметраў бярозавых дроваў. Зараз клопат, як распілаваць іх, пакалоць і злажыць пад павець. Але не бяда, сыны дапамогуць, пад’ехаўшы са сталіцы. Дом у ветэрана будаваўся гадоў 50 таму. Зручнасці вядомыя, вясковыя: прыбіральня — ў двары, вада – у студні, хлеб – у краме за тры кіламетры.

8 мая на аўтамабілі падкаціла ідэолаг з лясгасу, павіншаваць дзеда: “Вы спаслі нам жізнь. Огромное спасібо вам за все!”

Так жыве ветэран. Ня лепш жыве сын ветэрана з суседняй вёскі. Бацька яго вярнуўся з вайны аднаногім. Адаптаваўся, лоўка карыстаўся мыліцамі. Яшчэ ездзіў ён на траскучай інваліднай калясцы, гібрыдзе матацыкла, веласіпеда і калгасных калёсаў.

Даўно дзіўлюся, чаму ў нашых лясных краях будаваліся такія малыя, непрыгожыя хаты? І да вайны, і пасля вайны, ужо праз 20 гадоў пасля вайны, тое ж самае. Стала яшчэ больш балюча, калі праехаў па польскіх вёсках, ад мяжы да Гданьску. Параўнаў — ніякага параўнання!
Вось і інвалід жыў у невялічкай хаціне, якую пасля ягонай смерці нашчадкі прадалі ў саўгас. А праз некалькі гадоў выдзелілі аднаму з сыноў у якасці жылой плошчы, бо жонка ягоная згадзілася папрацаваць даяркай. Такім дзіўным чынам хата вярнулася да нашчадка гаспадара. Сыну інваліда ўжо 65. Мае пенсію ў 510 тысяч, згубіў усе зубы, і ходзіць у краму за 6 кіламетраў. Кажа: “Пакуль сцягаюся, то і дзень пройдзе”.

І ён, гэты бяззубы Мішка, таксама каўтануў не адну шклянку чарніла за пабеду, са словамі, калі б не яна, то нас бы не было.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Батура і сягоння кажа тое, што казалі чыноўнікі яго рангу 20, 30, 40 гадоў таму: “Буквально каждый ветеран не обойден вніманіем”.

Тым часам франтавы разведчык Дзідэнка з вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна сустракаў бы свята ў дзіравай хаце, калі б ветэран МТЗ Уладзімір Мароз, прыхільнік журналістыкі, не падрыхтаваў артыкул для “Народнай волі”. Артыкул падаспеў у самы час. Спачатку ў Цімкавічы рынулася прэс-сакратарка аблвыканкама, каб даць адлуп “нячэснай” прэсе і “зарвавшімся пісакам – очернітелям”. У тым “адлупе” адно глупства падганяе другое. Але факт неабвержны: толькі пасля публікацыі франтавіку падлаталі хату.

Мяне ў тым “адлупе” ўразіла адна акалічнасць, сярод доказаў вялікай увагі да ветэранаў ёсць і такі: аўтабаза, у якой пасля вайны працаваў ветэран Дзідэнка, арганізавала для яго экскурсію аж на “лінію Сталіна”. Во якая праява ўвагі!

Пераможаныя ездзяць па белым свеце, ад Рыа-дэ-Жанейра да Бангкока, у іх хапае сваіх сродкаў,а пераможцу вязуць за сотню кіламетраў, каб глянуў на ваеннае ламачча.

Чым больш галашэння пра вялікую Перамогу, тым відавочней становіцца, што сілай ляманту некаму хочацца схавацца ад неабходнасці рабіць цвярозыя ўрокі з мінулага. Ужо сыходзіць пакаленне тых, хто быў зачаты пасля 9 мая 1945 года. Пераможцы зведалі ваеннае ліха, на сваіх плячах вынеслі і пасляваенныя цяжкасці.

У іх і была скрадзеная вялікая Перамога, бо ім не далі вырвацца з таталітарнай пасткі. І цяперашняя ўлада адгароджваецца ад выклікаў часу лініяй Сталіна, лініяй пазаўчорашняга дня.