Расейскі “Сноб” у лістападзе друкуе некаторыя лісты Ўладзімера Набокава да ягонай жонкі Веры з ласкавай згоды іх сына Зьміцера — тое сапраўдная літаратурная падзея, бо лісты друкуюцца ўпершыню без скажэньняў і цэнзуры.

Матэрыял ужо ёсьць на сайце часопіса, але ён зачынены для непадпісчыкаў (адзін, бездакорны з пункту гледжаньня каханьня і стылю, ліст усё-ткі можна прачытаць вось ). Усе лісты, а іх блізу трох соцень, увойдуць у кнігу “Letters to Vera”, якая пабачыць сьвет у наступным годзе ў выдавецтве “Knopf” (ЗША).

 

Жонка Набокава, Вера Слонім (1902–1991), — другая дачка Яўсея Лазаравіча Слоніма (нарадзіўся ў Шклове) і Славы Барысаўны Фейгін (родам з Магілёва). Як і кожная сапраўдная габрэйка, Вера зьведала выгнаньне і перасяленьне: Санкт-Пецярбург­–Бэрлін–Прага–Каны–Вэрмонт–Нью-Ёрк–Пало-Альто–Кембрыдж–Мантро…

 

“Толькі б яўрэі былі,” — такімі словамі скончыў сваю прамову да “габрэйскага” нумару “” Рыгор Барадулін. Па дадзеных перапісу насельніцтва Беларусі, які прайшоў ў 2009 годзе, за дзесяць гадоў габрэяў у краіне стала менш у 2,2 разы. Габрэі працягваюць пакідаць Беларусь, як і ў часы, калі тут жыла сям’я Слонім.

 

Вера Набокава як быццам нічым не зьнітаваная з гэтай краінаю. Але вось што цікава: я, Павал Абрамовіч, які назваў сваю малодшую дачку ў гонар Ады, гераіні раману Набокава “Ада, ці Радасьці жарсьці”, цяпер разглядаю матыля-крыжаванку, якую дзьве гадзіны маляваў для сваёй жонкі яе знакаміты муж, пішу аб Слонім па-беларуску нататку, і ўсё гэта адбываецца ў Беларусі, дзякуючы якой я з Верай — землякі.