Сёння я пра іншае. Пра словаўжыванне і кампетэнтнасць.

 

Сёння я не пра мову “Звязды”, хоць да мовы гэтае газеты ў мяне шмат прэтэнзіяў. Напрыклад, да слова “фарэлі”, якое “красуецца” на першай паласе ў нумары за 7 красавіка. Або да загалоўка “Чым больш фарбаў, тым багацей палітра”. Відавочна, што звяздоўцы так і не навучыліся адрозніваць параўнальную форму прыслоўя ад параўнальнае формы прыметніка. (Калі кіравацца нормамі граматыкі, дык загловак павінен гучаць так: “Чым больш фарбаў, тым багацейшая палітра”).

Сёння я пра іншае. Пра словаўжыванне і кампетэнтнасць.

3 красавіка ў “Звяздзе” можна было прачытаць нататкі “Гісторыя дыхае ці не дыхае?”. Гаворка ў іх ідзе пра пэўныя праблемы Турава. У гэтым тэксце я тры разы сустрэў слова “скрыпта”. Як я зразумеў, гэтым словам аўтарка нататак назвала пабудову ў сучасным стылі над падмуркам старажытнага тураўскага храма.

 

Пабудова спатрэбілася, каб ахаваць падмурак ад далейшага разбурэння.

Я дакладна ведаю, што ад лацінскага слова “scribere” утвораны словы “скрыпторый”, «дэскрыптыўны», «рэскрыпт” ды іншыя. Час ад часу я пішу і агучваю скрыпты на Радыё Свабода. Але 3 красавіка я даведаўся, што ёсць і будаўнічы тэрмін “скрыпта”.

Выкажу здагадку: словам “скрыпта” аўтарка “Звязды” назвала тое, што архітэктары і археолагі называюць крыптаю. Археолагі вырашылі схаваць ад сонца,  дажджоў і ветру падмурак старажытнага тураўскага храма. Пабудову над падмуркам і можна было б назваць крыптаю, хоць у строгім разуменні крыпта, як піша Беларуская энцыклапедыя, – гэта скляпеністае падземнае або паўпадземнае збудаванне, а таксама капліца пад храмам і месца ганаровых пахаванняў пад ім (крыпту пад Святадухаўскай царквою ў Менску летась па-варварску разбілі будаўнікі).

7 красавіка ў рубрыцы “Звяздарыначка” (!) з’явіўся аддзел “Вызначаем асобу тыдня”. У ім змешчаны ікона Еўфрасінні Полацкай, партрэт Льва Сапегі і фотаздымак Івана Луцкевіча, а таксама кароткія тэксты да іх.

 

Чытачу належыць сказаць, чыя выявы змешчаны пад нумарамі 1, 2 і 3, і выбраць сярод гэтых дзячаў “асобу тыдня”.

Тэкст пра Івана Луцкевіча, я, калі б па-ранейшаму выкладаў гісторыю, прапанаваў бы сваім вучням у якасці тэсту і даў бы заданне знайсці і выправіць памылкі ў ім.

Напісана, што Іван Луцкевіч – “галоўны нашанівец і нашадолец”. Пра галоўнага нашаніўца спрачацца не буду, а вось галоўным нашадольцам І. Луцкевіч дакладна не быў.

Напісана, што Іван Луцкевіч – “стваральнік беларускіх школ, шэрагу музеяў і курсаў на захадзе Беларусі”.

 

Пра школы не спрачаюся, але пра шэраг музеяў і курсаў “Звязда”, што называецца, зарапартавалася.

 

Наколькі мне вядома, калекцыя І. Луцкевіча склала аснову Беларускага музея ў Вільні, якому было дадзена ягонае імя. А заснаваны музей быў амаль праз два гады пасьля смерці І. Луцкевіча – у 1921 годзе – ягоным братам Антонам. Што тычыцца курсаў, дык у канцы 1915 года пры ўдзеле І. Луцкевіча ў Вільні былі заснаваныя Беларускія настаўніцкія курсы. Пра іншыя курсы з яго ўдзелам у літаратуры згадак няма.

Напісана, што Іван Луцкевіч – “вынаходнік гістарычнага тэрміна “Ай-Кітабаў” – татарскай літаратуры XVI стагоддзя, напісаных на беларускай мове татарскай графікай” (захаваны сінтаксіс “Звязды”). Па-першае, не вынаходнік тэрміна, бо слова “кітаб” па-арабску азначае “кнігі”. Па-другое, І. Луцкевіч – і не адкрывальнік кніг (кітабаў), бо не ён першы выявіў татарскія кнігі, пісаныя па-беларуску. Ён першы звярнуў увагу на тое, што гэтыя кнігі з’яўляюцца помнікамі менавіта беларускае мовы, а не “белорусского наречия русского языка”. Па-трэцяе, напісаныя кітабы не татарскай, а арабскай графікай.

Напісана, што Іван Луцкевіч – “адзін з заснавальнікаў БНР”. Беларуская Народная Рэспубліка, як вядома, абвешчана 9 сакавіка 1918 года Другою Устаўнаю Граматаю. Іван Луцкевіч да гэтага акту меў ускоснае дачыненне як адзін з пачынальнікаў беларускага вызвольнага руху. Затое дакладна вядома, што ён быў у ліку ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР і 25 сакавіка 1918 года браў асабісты ўдзел у пасяджэнні Рады БНР, якая прыняла адпаведную Грамату.

Гэтулькі ў мяне заўваг да кароценькага тэксту пра Івана Луцкевіча. Да тэксту пра Льва Сапегу “чапляцца” не буду.