Легенды — неад’емная частка жыцця любога старога горада, і Мінск надзвычай багаты на таямнічыя гісторыі. Разам з экскурсаводам Паўлам Дзюсекавым мы прайшліся па некаторых містычных мясцінах нашай сталіцы ў іх пошуках.

Дотык анёльскіх крылаў

Першая з гісторый звязаная з Чырвоным касцёлам у гонар святых Сымона і Алены. У фундатара святыні Эдварда Вайніловіча было двое дзяцей — дачка Алена і сын Сымон. Падчас панавання эпідэміі гішпанкі (грыпу) Алена захварэла, ад яе заразіўся і Сымон. Лекары не змаглі дапамагчы дзецям. Тады да Алены ў сне прыйшла Божая Маці. Яна суцішыла боль, але сказала, што не зможа выратаваць дзяўчыну і яе брата. І паказала Алене храм, які дапаможа аблегчыць бацькоўскую журбу. Алена змалявала эскіз касцёла, аддала яго бацьку і неўзабаве памерла. За ёй сканаў і брат.

У 1910 годзе з’явіўся храм, вялікая вежа якога сімвалізуе пакуты бацькоў, а дзве маленькія — памерлых дзяцей. Як сведчыць паданне, падчас святочных набажэнстваў Эдвард і Алімпія Вайніловічы маглі адчуваць дотыкі крылаў сваіх дзяцей-анёлаў.

«Савецкі эратызм» і турма

Ля касцёла ва ўтульным дворыку хаваецца фантан «Юнацтва», якое ўвасабляюць постаці хлопца і дзяўчыны. Гэтая кампазіцыя — адна з першых, якая адышла ад «брутальнай» стылістыкі савецкіх малых архітэктурных формаў. Да таго ж постаці, хоць і стылізавана, але аголеныя — такім чынам, паведаміў Павел, маем першы «прывід» «савецкага эратызму».

Яшчэ праз колькі крокаў — Пішчалаўскі замак, больш вядомы мінчанам як турма на вуліцы Валадарскага. Многіх вядомых вязняў памятаюць сцены «Валадаркі», а ў турэмных калідорах дасюль блукае прывід тэрарыста Івана Пуліхава, павешанага ў 1906 годзе. У гэтым жа замку тры гады свайго жыцця правёў класік беларускай літаратуры Якуб Колас, які распачаў у турме працу над паэмай «Новая зямля».

Тут жа, на вуліцы Валадарскага, 5 размешчаны вядомы ўсім мінчанам тэатр імя Горкага. Але мала хто ведае, што ў сценах гэтага будынка хаваецца… «габрэйскі прывід». Бо тэатр — ні што іншае, як былая галоўная ў горадзе (харальная) сінагога, перабудаваная ў 20 — 30-я гады ХХ стагоддзя. Калі прабрацца ва ўнутраны дворык, можна пабачыць, што ён адрэстаўраваны менавіта так, як выглядаў у часы існавання сінагогі. Там жа захаваўся і дом рабіна.

Міласціна… ад Дзевы Марыі

Па Мінску ў ХІХ стагоддзі доўга хадзіла гісторыя, звязаная са Свята-Духавым кафедральным саборам. Аднойчы ў сабор да Мінскага абраза Божай Маці прыйшоў стары збяднелы шляхціц і папрасіў дапамогі. Здарыўся цуд: Багародзіца з іконы схілілася да шляхціца, супакоіла яго і кінула яму на далоні дыямент са сваёй кароны. Гэта бачылі прыхаджане храма, але калі стары выйшаў з царквы і паказаў людзям камень, яго схапілі і павялі ў суд. Пачалося судзілішча, але ў залу прыйшлі тыя, хто быў у царкве, і пачалі сведчыць на карысць шляхціца. Тады суд вынес пастанову: пакінуць дыямент шляхціцу, але з умовай, каб гэты чалавек больш не браў міласціны ад Дзевы Марыі і іншых святых…

Прывід мінскай ратушыНіводзін цывілізаваны еўрапейскі горад не можа абысціся без галоўнага прывіду. Ёсць такі і ў Мінску, і знаходзіцца ён у гарадской ратушы. У 1760 годзе на чале мінскага магістрата пры дапамозе свайго сябра і сваяка Караля Станіслава Радзівіла (усім вядомага Пане Каханку) стаў п’яніца і гуляка Міхаіл Валадковіч. А трэба адзначыць, што ў магістрат (саслоўны орган гарадскога самакіравання) уваходзілі самыя паважаныя жыхары горада. І вось падчас адной з пагулянак, якую Валадковіч зладзіў проста ў ратушы, ён ненаўмысна пашкодзіў крыж, што стаяў на стале. За гэта яго пасадзілі ў турму, што месцілася пад зямлёй, і прыгразілі расстраляць, калі ён не пакаецца. Валадковіч быў настолькі ўпэўнены ў сваёй уладзе, што адмовіўся ад пакаяння. Але ні самаўпэўненасць, ні заступніцтва Пане Каханку не ўратавалі шляхціца, і яго расстралялі каля сцен ратушы. З тых часоў і да 1857 года (пакуль стаяла ратуша) па начах у будынку з’яўляўся прывід Міхаіла Валадковіча, які скардзіўся на несправядлівасць лёсу. Калі ратушу знеслі, прывід знік, але, як сцвярджае Павел Дзюсекаў, пасля яе аднаўлення ў 2003 годзе з’явіўся зноў.

Шэкспір адпачывае

Ці ведаеце вы, што яшчэ ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях Мінск быў партовым горадам? І хоць мора тут ніколі не было, затое Свіслач была шырокай судаходнай ракой. І недалёка ад вады стаяў дом, гаспадар якога меў трох дачок — дзвюх родных і адну прыёмную. Для адукацыі дзяўчат бацька наняў французскага гувернёра, у якога, па законах жанру, сёстры закахаліся. Сэрца ж самога настаўніка імкнулася да прыёмнай дачкі гаспадара. І француз вырашыў уцячы з каханай. Пра гэта даведаліся родныя дочкі, і ў дзень уцёкаў звязалі сваю зводную сястру і кінулі яе ў падвал да прыходу бацькі. Але ў той вечар пачаўся моцны лівень, на рацэ здарылася паводка, і вада заліла падвал дома, дзе жылі сёстры. Звязаная ў падвале дзяўчына загінула. Француз, не дачакаўшыся яе, прыйшоў у дом, пра ўсё даведаўся, забіў сясцёр і павесіўся сам. І да самага руйнавання дома на пачатку 2000-х гадоў прывіды гэтай трагедыі блукалі па ім…

Не знікнуць у віры паданняў

За час вандроўкі мы пазнаёміліся з прывідамі першага мінскага пажарніка ў пажарным дэпо на вуліцы Гарадскі вал і першага беларускага пралетарыя ў адным з дворыкаў на вуліцы Рэвалюцыйнай. Адчулі водар саду, што месціўся калісьці за былым кляштарам бернардынак, пачулі стогны старажытнага гарадскога рэха, што жыве ў Музычным завулку, там жа натрапілі на загадкавы Дом масонаў. Дазналіся, што на цяперашняй Юбілейнай плошчы стаяла Змяіная гара, на якой жыў цмок, які харчаваўся прыгожымі дзяўчатамі.

…І яшчэ сотні паданняў лётаюць у паветры нашага чароўнага горада, і спакон веку складаюць іх яго жыхары. Калісьці і наш час стане старой гарадской легендай. І ёсць сэнс пражыць яго так, каб нашчадкам было цікава блукаць па старажытных вулачках Мінска ХХІ стагоддзя.