Прадмова да «» «Беларусы ў Варшаве»

Сваёй беларускасцю Варшава магла б параўнацца са шмат якімі гарадамі ў Беларусі.

 

Тут здаўна існуе беларускі (ці ліцвінска-беларускі) дух, беларускі асяродак. Праўда, на пачатку ХІХ ст. Ян Чачот даволі непрыязна выказваўся пра гэты горад, бо яму наймілейшай была Вільня. Але вуліца Яна Чачота ёсць менавіта ў Варшаве, а вось ці пахваліцца які горад у Беларусі памяццю пра славутага філамата, паэта і фалькларыста? (З радасцю і здзіўленнем беларусы чытаюць на шыльдах варшаўскіх вуліц: Ігнацы Дамейка, Адам Плуг, Тамаш Зан, Антон Эдвард Адынец, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багамолец, Францішак Князьнін, Бенядыкт Дыбоўскі, Адам Нарушэвіч, Юльян Нямцэвіч, Уладзіслаў Каратынскі, Міхал Агінскі, Тадэвуш Рэйтан, Яўстахі Тышкевіч, Людвік Нарбут і інш.)

 

Ліцвінска-беларускую прысутнасць у Варшаве засведчылі наваградскія паўстанцы 1831 г. Тут яны зладзілі 8 жніўня 1831 г. наваградскі соймік і да апошняга абаранялі сталіцу Польшчы ад навалы з Усходу (як, зрэшты, і Якуб Ясінскі, які са сваім ліцвінскім войскам склаў галаву ў акопах на Празе ў 1794 г.).

 

Іншы, ужо невайсковы характар мела эміграцыя з тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. Беларусы-ліцвіны пакідалі Бацькаўшчыну і накіроўваліся ў Варшаву, каб пазбегнуць татальнай русіфікацыі, якую праводзіў царскі ўрад і Мураўёў-вешальнік, якога сённяшнія манкурты называюць «таленавітым арганізатарам». Вінцэсь Каратынскі, Адам Плуг і сотні менш знаных беларусаў-ліцвінаў знаходзяць у Варшаве сваю другую Айчыну, а таму плённа працуюць дзеля яе росквіту.

 

Наступная хваля эміграцыі, што ўмацавала беларуска-ліцвінскі асяродак у фактычнай сталіцы Польшчы, — амніставаныя паўстанцы 1863 г. Магчыма, сярод іх быў Ялегі Пранціш Вуль (сапраўдн. Элегій Францішак Карафа-Корбут), верагодны аўтар славутага «Тараса на Парнасе». Паводле Рамуальда Зямкевіча, менавіта Вінцэсь Каратынскі, Адам Плуг і Ялегі Пранціш Вуль складалі аснову беларускага гуртка ў Варшаве ў 80-я гг. ХІХ ст. На жаль, вядомы бібліяфіл не спасылаецца на крыніцу інфармацыі. Сённяшнія ж даследчыкі аніяк не могуць адшукаць «варшаўскі след» Вуля. Ён мусіў быць, бо Р. Зямкевіч ведаў, што псеўданім «Вуль» належыць Элегію Францішку Карафа-Корбуту. Але што гэта за след? Ці сапраўды Вуль прыехаў з Сібіры ў Варшаву? Ці, можа, адно на аснове карэспандэнцыі з сасланымі паўстанцамі В. Каратынскі і А. Плуг ведалі пра паэта Вуля? Толькі разблытаўшы гэтыя загадкі можна будзе паставіць кропку ў атрыбуцыі і «Тараса на Парнасе», і «Двух д’яблаў».

 

Наколькі моцным быў тагачасны беларускі дух у Варшаве, сведчаць словы аднаго з сыноў В. Каратынскага, які хоць і нарадзіўся ў Польшчы, але ідэнтыфікаваў сябе паводле этнічнай, а не геаграфічнай «прыналежнасці»: «Бывае, што чалавек прыходзіць на свет у стайні, але ад гэтага ён не становіцца канём».

 

Сёння ў Варшаве можна пастаяць перад карцінамі беларуска-ліцвінскіх мастакоў, якія знаходзяцца ў Нацыянальным музеі (напрыклад, В. Ваньковіча, Ф. Рушчыца), можна агледзець панараму Аршанскай бітвы невядомага аўтара.

 

Можна ўзяць удзел у беларускамоўнай імшы, пасля якое вас запросяць на кубачак гарбаты.

 

Тут, у Варшаве, знаходзяцца сядзібы дзвюх беларускамоўных радыёстанцый і адзінага ў свеце беларускамоўнага тэлеканала.

 

Варшава дала прытулак дзесяткам беларускіх апазіцыйных дзеячаў, якія ў супрацоўніцтве з сваімі польскімі сябрамі рэгулярна ладзяць палітычныя і грамадска-культурныя імпрэзы.

Не адстае ад іх і беларуская амбасада ў Польшчы. Асобныя з афіцыйных мерапрыемстваў, хоць, можа, і не такія масавыя, як апазіцыйныя, арыентаваныя на адмыслова запрошаную публіку, уражваюць сваёй веліччу і раскошаю.

 

Беларускае жыццё ў сённяшняй Варшаве — гэта, перадусім, жыццё студэнцкае, жыццё навуковае. Студэнты з Беларусі навучаліся ў Польшчы і раней, але толькі Праграма Кастуся Каліноўскага надала студэнцтву беларускі характар.

 

Аднак усё ж асноўным беларусазнаўчым асяродкам Варшавы была і ёсць кафедра беларусістыкі Варшаўскага універсітэта, што колькі гадоў таму адзначыла свой 50-гадовы юбілей. Увесь гэты час Польская дзяржава нязменна клапацілася пра развіццё кафедры. Калі напачатку кафедра ажыццяўляла набор на дзесяць бюджэтных месцаў раз на некалькі гадоў, то ў 2009/2010 навучальным годзе на першы курс кафедра прыняла 50 студэнтаў, а жадаючых было больш за дзвесце. (Для параўнання: беларускую філалогію ў БДУ ў гэтым жа навучальным годзе пажадалі вывучаць 64 абітурыенты.)

 

А яшчэ беларускую мову, літаратуру і культуру студэнты Варшаўскага універсітэта вывучаюць на Міжфакультэцкім усходнеславянскім аддзяленні і на кафедры штудый інтэркультуровых.

 

Шмат якія матэрыялы гэтага нумару падрыхтавалі выпускнікі і супрацоўнікі кафедры беларусістыкі. Вядома, у адносна невялікім па аб’ёме выданні немагчыма ўсебакова расказаць пра беларускую Варшаву. Але матэрыяламі нумару мы робім спробу засведчыць, што на карце беларушчыны Варшава была, ёсць і будзе тым месцам, без якога беларуская справа не магла, не можа і не зможа абысціся. Студэнты, якія закончаць беларусістыку ў Варшаўскім універсітэце, будуць паўнамоцнымі прадстаўнікамі беларускай культуры і навукі ў Польшчы і ў свеце, варшаўскія бібліятэкі і архівы дапамогуць раскрыць не адну яшчэ загадку беларускай гісторыі і літаратуры, а сама Варшава, маем надзею, заўсёды будзе ветла сустракаць беларусаў, якія раніцай а шостай гадзіне выйдуць на пероны вакзалаў з цягніка «Сузор’е».

 

 


 

 

 

 

 


 

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

 

Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў

 

Падпіска на часопіс « Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты». Падпісны індэкс — 00345.