Урывак з раману «Метро-2033″

Астатнюю частку дня Арцём прысвяціў вывучэнню Поліса – бязмэтна бадзяўся па бязмежнай прасторы пераходаў, лесвіц, разглядваў велічныя каланады, дзівіўся, колькі люду здольны змясціць у сабе гэты спараўдны падземны горад, слухаў вандроўных музыкаў, гартаў кнігі на латках, гуляў з выстаўленымі на продаж шчанюкамі, слухаў апошнія плёткі – і ўвесь гэты час не мог пазбыцца адчування, што за ім нехта кіруецца і назірае. Колькі разоў ён нават шпарка азіраўся, спадзеючыся сустрэць нечы ўважлівы позірк, але дарэмна – наўкол віраваў аруплены натоўп, і нікому да не было клопату.

Знайшоўшы ў адным з пераходаў гатэльчык, ён праспаў колькі гадзін, перш чым з’явіцца а дзясятай вечара, як і было ўмоўлена, у вайсковым лагеры ля выхаду з Баравіцкай. Мельнік спазняўся, але варта была папярэджана, і Арцёму прапанавалі чакаць сталкера за конаўкай гарбаткі.

Паджылы вартавы, перапыніўшыся на хвіліну, каб наліць яму ў эмаліраваную конаўку кіпня, працягнуў сваю гісторыю:

– Вось жа… Мне тады даручылі сачыць за радыёэфірам. Усе спадзяваліся сігнал з урадавых бункераў за Уралам спаймаць. Ды толькі марна сіліліся, па стратэгічных аб’ектах яны ў першую чаргу ўдарылі. Тут табе і Раменкам капцы, і ўсім загарадным лецішчам з іх сутарэннямі на трыццаць метраў у глыбіню капцы…

 

Раменкі, яны, можа, і пашкадавалі б… Яны па мірным жыхарам намагаліся не вельмі… Ніхто ж тады не ведаў, што гэта вайна – да самага канца, калі ўжо ўсё адно. Вось жа, што я кажу… Раменкі яны, можа, і пашкадавалі б, але там побач камандны пункт знаходзіўся, і вось яны цот у цот і шпунтанулі… А ўжо цывільныя ахвяры – гэта, як той казаў, вымушаныя страты, выбачайце, калі ласка. Але пакуль яшчэ ніхто гэтаму не даваў веры, начальства пасадзіла за эфірам сачыць, там побач з Арбацкай у бункеры. І спачатку шмат дзівоснага лавіў… Сібір маўчала, але іншыя адгукаліся. І падводныя лодкі адгукаліся, стратэгічныя, атамныя. Пыталіся, біць ці не біць… Людзі не верылі, што Масквы больш няма. Капітаны першага рангу проста ў эфіры румзалі, як дзеці. Дзіўна гэта, ведаеце – калі прасмаленыя марскія афіцэры, якія за ўсё жыццё і слова аднаго цэнзурнага не сказалі, плачуць, просяць пашукаць, ці няма сярод уратаваных іх жонкі, дзетак… Вазьмі адшукай іх тут… А потым – усё па-рознаму. Хто казаў: усё цяпер, ні нашым, і ні вашым, хай яно выпрахне, і сыходзілі да іх берагоў – увесь боекамплект разраджаць па гарадах. А іншыя, дык наадварот, вырашалі: калі ўжо ўсё адно ўсё ляціць уневараць, больш і ваяваць няма сэнсу. Навошта яшчэ людзей забіваць? Толькі гэта ўжо нічога тады не вырашала. І тых, хто за сям’ю помсціцца браўся, хапала. А лодкі шчэ доўга адказвалі. Яны там паўгады пад вадой, на дзяжурстве перабываць маглі. Кагось, зразумела, вылічылі, але ўсіх адшукаць не маглі. Во ўжо дзе наслухаўся гісторый, аж дагэтуль, як прыгадаю, дык аж душа трымціць. Але я ўсё не да таго. Злавіў я аднойчы экіпаж танка, які цудоўным чынам ацалеў пасля ўдару – пераганялі яны сваю машыну з часці ці нешта такое…

 

Гэта ж новае пакаленне бронетэхнікі, ад радыяцыі абараняе. І вось, як яны былі ўтраіх у тым танку, так і рушылі на ўсёй хуткасці ад Масквы на ўсход. Праязжалі праз вёскі, якія палалі, бабаў нейкіх з сабой падабралі – і далей, на запраўках саляркі заллюць, і зноў у дарогу. Заехалі ў нейкую глухмень, дзе ўжо і бамбіць няма чаго было, тут у іх, нарэшце, паліва і скончылася. Фон радыяцыйны там, канечне, быў будзь здароў, але ўсё ж не такі, як побач з гарадамі. Разбілі яны там лагер, танк на паўкорпуса ў зямлю ўкапалі – атрымалася ў іх накшталт умацавання. Намёты паблізу паставілі, потым з цягам часу зямлянкі вырылі, генератар ручны наладзілі дзеля электрыкі, і досыць доўга так жылі, вакол гэтага танка. Я з імі гады два ледзь не штовечар размаўляў, усе іх справы сямейныя ведаў. Спачатку ў іх спакойна ўсё было, гаспадарку завялі, дзетак у іх двое нарадзілася… амаль нармальныя. Боепрыпасаў у іх хапала. Яны там рознага наглядзеліся, такія пачварыны з лесу выходзілі, што ён і апісаць іх як след не мог, гэты лейтэнант, з якім мы гутарылі. А потым зніклі яны. Я шчэ мо з паўагды спаймаць іх спрабаваў, але ў іх нешта здарылася. Можа, генератар ці перадатчык спасаваўся, а можа боепрыпасы скончыліся… – задуменна дадаў вартавы.

– Ты пра Раменкі казаў, – успомніў яго напарнік, – што іх разбамбілі, і я падумаў: вось колькі тут ужо служу, ніхто мне пра Крэмль сказаць не можа: як жа так выйшла, што ён цэлым застаўся? Чаму яго не кранулі? Вось там мусілі б быць бункеры дык бункеры…

– Хто табе сказаў, што не кранулі? Шчэ як кранулі! – запэўніў той. – Яго проста руйнаваць не хацелі, бо помнік архітэктуры, ну і заразом новыя распрацоўкі на ім выпрабавалі. Вось і атрымалі мы… Лепей бы яны яго адразу мегатонамі спляжылі, – ён плюнуў на дол і замоўк.

Арцём сядзеў ціхенька, стараючыся не адцягваць увагі ветэрана ад успамінаў. Рэдка калі яму выпадала пачуць столькі падрабязнасцяў пра тое, як гэта адбывалася. Але паджылы вартавы сцішыўся, задумаўшыся пра штосьці сваё, і ўрэшце ён, пачакаўшы, наважыўся задаць пытанне, якое яго і раней турбавала:

– А ў іншых гарадах таксама ж метро ёсць? Ну, ці прынамсі, было раней, я чуў. Няўжо больш нідзе людзей не засталося? Вы калі сувязістам працавалі, ніякіх сігналаў не прымалі?

– Не, нічога не было. Але твая, хлопча, праўда, у Ленінградзе, прыкладам, павінны былі людзі ўратавацца, у іх станцыі ў метрапалітэне глыбока залягалі, некаторыя шчэ нават глыбей, чым у нас тут. І абсталявана было гэтак жа. Памятаю, я туды ездзіў, калі шчэ маладым быў. У іх там на адной лініі выхадаў на каляіны не было, а стаялі такія велізарныя жалезныя вароты. Цягнік прыедзе – і палавінкі ў іх разам з дзвярамі цягніка адчыняюцца. Мяне гэта вельмі тады здзівіла, помню. Колькі ні выпытваў – ніхто толкам растлумачыць не мог, навошта яно так абсталявана. Адзін кажа – каб ад паводкі абараняла, іншы – у часе будаўніцтва на аздобе сэканомілі. А потым пазнаёміўся з метрабудаўніком адным, і ён мне расказаў, што пакуль яны гэтую лінію будавалі, у іх палову брыгады нехта зжэр, дый у іншых брыгадах тое самае дзеілася. Толькі косткі знаходзілі абгрызеныя і інструменты. Жыхарам, ясная рэч, нічога не паведамлялі, але дзверы гэтыя чыгунныя па ўсёй лініі паставілі, ад граху далей. А гэта ж калі шчэ было… Што ўжо там ад радыяцыі пачалося, і ўявіць нават цяжка…

Пераклаў з рускай Сяргей Балахонаў

 

balachon.livejournal.com