Вільня доўгі час была палітычным і культурным цэнтрам беларускіх земляў. Пасля ліхалецця XX стагоддзя Вільня стала сталіцай незалежнай Літоўскай Рэспублікі, але беларуская прысутнасць у гэтым горадзе нягледзячы ні на што існуе. 

Пра беларускую Вільню распавяла старшыня грамадскага аб’яднання Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс.

РР: На колькі сённяшняя Вільня беларуская?

Людвіка Кардзіс: На жаль яна не такая, якой была да вайны, але нейкія намаганні робяцца, і нешта па-троху адраджаецца. Трэба прыгадаць, што ў 1939 годзе адбылося поўнае вынішчэнне ўсёй беларускай інтэлігенцыі ў Вільні. Людзі былі фізічна знішчаны, а тыя беларускія дзеячы, якія засталіся, былі вывезеныя ў сталінскія лагеры. Вярнуўшыся яны проста не маглі ўладкавацца на нармальную працу, таму ўся іх дзейнасць абмяжоўвалася кантактамі. Сёння мы маем тое, што маем, але дзякуй Богу і за гэта — ёсць беларуская школа, беларускія ўстановы. Не задавальняе мяне тое, што робіцца гэта квола, але робіцца.

РР: На колькі беларуская меншасць у Літве актыўная? Ці яна заўважная ў параўнанні з польскай ці расейскай меншасцю?

Людвіка Кардзіс: Польская меншасць мае падтрымку з боку дзяржавы, а беларусы кінутыя на волю лёса. Беларуская дзяржава ніколі не клапацілася. Нават насельнікі Віленскага краю, я не маю на ўвазе тых, хто прыехаў з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь пасля вайны, а тыя, якія заўсёды гаварылі ў хаце па-беларуску, але лічылі сябе палякамі, яны таксама былі кінутыя, у чым таксама вінаватая беларуская дзяржава. Па сённяшні дзень ёсць людзі народжаныя на Віленшчыне, якія гавораць па-беларуску паміж сабой і кажуць, што яны не палякі, але гэтых людзей не так шмат.

РР: Ці беларуская мова зразумелая ў Вільні?

Людвіка Кардзіс: Мясцовым яна зразумелая, тым хто там нарадзіўся. Маладыя людзі, якія прыязджаюць з Клайпедскага раёна, не ведаюць расейскай мовы, таму сама Вільня ім не зусім зразумелая, наколькі яна зразумелая і блізкая мне. Я застала Вільню такой, калі можна было ісці па вуліцы і пачуць, як жанчыны гавораць паміж сабой на ідыш, праз пару крокаў па-польску, па-расейску. Яна была шматкультурная, гэтым яна была для мяне цікавая. На сённяшні дзень людзі габрэйскай нацыянальнасці павыязджалі ў Ізраіль, таму гэтая сітуацыя памянялася. Але для мясцовага чалавека беларуская мова канешне будзе зразумелая.

РР: Што можа даць новы закон аб нацыянальных меншасцях, праект якога абмяркоўваецца ў Літве? Ці трэба нешта змяніць у адносінах Літоўскай дзяржавы да нацыянальных меншасцяў?

Людвіка Кардзіс: Я лічу, што Літоўская дзяржава вельмі мудрая ў адносінах да нацыянальных меншасцяў, бо ніхто не можа пакрыўдзіцца. Пасля аб’яўлення незалежнасці была абрана вельмі мудрая палітыка, калі грамадзянства было дадзена літаральна ўсім людзям, якія жылі на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Не было такога канфлікту, як у Латвіі. Мне здаецца, што нельга сказаць, што інтарэсы нейкай нацыянальнасці прыціскаюцца. У гэтым плане трэба адзначыць, што я задаволена тым, што робіцца, бо падтрымліваюцца не толькі беларусы і палякі, але і татары, расейцы, цыганы. Ёсць нейкія прэтэнзіі ў польскай меншасці адносна напісання прозвішчаў — гэта прыватная справа кожнага карода, кожнай нацыі, дабівацца таго, чаго яна хоча.

РР: Па вашых словах беларусы ўсім задаволеныя?

Людвіка Кардзіс: Так, я лічу, што можа ў нечым ёсць нашая інэртнасць, нешта не выкарыстоўваем, нешта робім не да канца, але магчымасці ў нас аднолькавыя.

РР: Вы ўзначальваеце аб’яднанне “Віленскі беларускі музей”, хочаце аднавіць музей, які існаваў у Вільні. Як ідзе гэтая праца?

Людвіка Кардзіс: Часам сілаў не стае, але мне хочацца зрабіць тое, што было зроблена Іванам Луцкевічам. Гэта была вельмі глабальная праца, бо былі сабраныя фантастычныя экспанаты. Па сённяшні дзень ёсць людзі, якія лічаць, што трэба адрадзіць музей такім, якім ён быў. На жаль сусветная практыка кажа пра тое, што экспанаты не вяртаюцца. Яны знаходзяцца ў Расеі, Германіі, а таскама ў Нацыянальным музеі Літвы. Навукоўцы павінны сабраць усё гэта ў адным месцы, стварыць нейкія каталогі гэтых экспанатаў, што і дзе знаходзіцца. Пакуль толькі ідуць размовы, прыязджаў міністр культуры, які сустрэўся, паабяцаў. Мы вырашылі, што трэба рэальна рабіць тое, што можаш зрабіць і што можаш захаваць. Людзі збіралі калекцыі, яны адыходзяць, але ніхто не ведае як могуць распарадзіцца ўсім гэтым іх нашчадкі, бо могуць проста выкінуць. Таму калі нам аддаюць, то мы збіраем, захоўваем і чакаем нейкага памяшкання, нейкіх навуковых маладых сіл. Бо адна з асноўных прычын у тым, што за ўвесь час не знайшоўся які-небудзь малады чалавек, які б сказаў: “Я ўзначалю музей, прыкладу свае веды і сілы”. Таму робім тое, што можам — арганізоўваем нейкія выставы, таксама павінен выйсці даведнік па беларускіх могілках Роса. Мне не падабаецца, што ўсё гэта марудна, бо хочацца хутчэй і каб было больш паспяхова.