Стаўленне рускага насельніцтва ВКЛ да літоўскага гаспадара. Аўтар «Беларускай думкі» прапануе «альтэрнатыўны» погляд на «зорку першай велічыні на гістарычным небасхіле Беларусі».

Апошнім часам у Беларусі можна назіраць захады па гераізацыі літоўскага князя Вітаўта. Так, у 2010 годзе «Беларусьфільм» зняў дакументальны фільм пра «Вітаўта Вялікага» – «зорку першай велічыні на гістарычным небасхіле Беларусі», як сказана ў анатацыі; імем князя названы адзін з новых тралейбусаў «Белкамунмаша»; неўзабаве Вялікі тэатр оперы і балета плануе прэзентацыю балета «Князь Вітаўт». Пры гэтым асоба Вітаўта разглядаецца з пункту гледжання сучаснасці, без уліку таго, як да яго ставіліся нашы продкі. Гераізатары Вітаўта грунтуюцца ў асноўным на публіцыстыцы беларускіх «адраджэнцаў» XX стагоддзя і амаль не бяруць пад увагу гістарычныя крыніцы XV–XVII стагоддзяў. Да сённяшняга дня няма навуковых прац, якія б адлюстроўвалі вобраз Вітаўта ў старабеларускай традыцыі і дазволілі адказаць на пытанне: як да князя ставіліся сучаснікі і якая памяць пра яго сфарміравалася ў асяроддзі беларускіх эліт у перыяд ВКЛ.

Гларыфікацыя Вітаўта звязана з міфам пра Вялікае Княства Літоўскае як «беларускую дзяржаву» – канцэпцыяй, створанай беларускім нацыянальным рухам у XX стагоддзі. Асоба Вітаўта сапраўды з’яўляецца адной з ключавых фігур у пантэоне герояў «беларускага ВКЛ», можна сказаць нават  больш – роўнага яму ў гэтым пантэоне мы наўрад ці знойдзем. Паказальна, што смерць Вітаўта беларускі дзеяч пачатку XX стагоддзя В.Ю. Ластоўскі вызначаў як рубеж у перыядызацыі гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што падобныя канцэпцыі так і не прыжыліся ў шырокіх колах беларускага грамадства, сёння робяцца спробы не толькі прадоўжыць іх папулярызацыю, але і ўпісаць у дзяржаўную ідэалогію. Такія тэндэнцыі падахвоцілі мяне прадставіць шырокаму колу чытачоў некаторыя вынікі сваіх даследаванняў, прысвечаных вобразу князя Вітаўта ў старабеларускай традыцыі. Спадзяюся, што артыкул дасць магчымасць паглядзець на Вітаўта вачыма нашых продкаў і зразумець, якую ролю адыграла гэта асоба ў беларускай гісторыі.

Вызначыць стаўленне старабеларускіх эліт да Вітаўта можна з дапамогай аналізу тагачаснай беларускай літаратуры і звестак з розных крыніц пра адносіны беларускага насельніцтва да князя і яго палітыкі. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў той час усе  землі Русі, нягледзячы на іх падзел паміж рознымі дзяржавамі, трактаваліся яшчэ як адзіная краіна, русіны з розных частак Русі адчувалі сябе адзіным этнасам. Трэба памятаць таксама, што падзел на заходнярускую і ўсходнярускую літаратуру ў перыяд княжання Вітаўта досыць умоўны, і вынікае ў асноўным з моўных адрозненняў помнікаў пісьменства. Яскрава пра гэта сведчыць хоць бы старабеларускі панегірычны твор XV стагоддзя «Пахвала Вітаўту». Напісаны ён быў на беларускіх землях і выяўляў рысы беларускай мовы, аднак стварэнне яго ініцыяваў епіскап Герасім, масквіцін паводле паходжання. Аўтар «Пахвалы Вітаўту» не бачыў розніцы паміж паасобнымі землямі Русі – і рускія землі ВКЛ, і Масква, і Ноўгарад, і Разань – прадстаўлены ў творы як адзіная Русь і адзіны рускі народ («…Великое княженье Литовьское и Роуськое и иная великая княженья, спроста рещи вся Роусьская земля (тут і далей курсіў наш. – Заўвага аўт.) тогда бяху крепко слоужахоу емоу (Вітаўту. – Заўвага аўт.), велиціи князи великіи князь Московьски, великии князь Тферьски, велики князь Рязаньски, великии Новъгородъ, великии Пьсковъ и спроста рещи весь Роусьскии языкъ честь и дары подавахоу емоу…» [1, c. 417]. Можна гаварыць, што ў часы Вітаўта пачалі фарміравацца перадумовы для падзелу Русі ў плане ідэнтычнасці на ўсходніх і заходніх русінаў. Але выразна гэты падзел зазначаецца толькі з XVI стагоддзя, калі ў ВКЛ «Русь», «русіны» пачынаюць проціпастаўляцца «Маскве»,  «масквіцянам» [2; 3]. Аднак і ў гэты перыяд заходняруская літаратура развіваецца ў цесным узаемадзеянні з усходнярускай. Таму ў нашым даследаванні будуць улічаны помнікі літаратуры, створаныя не толькі на ўласнабеларускіх землях, але і ў іншых частках Русі. Пры вызначэнні стаўлення русінаў да Вітаўта не будзем абмяжоўвацца толькі беларускімі землямі, улічым і іншыя рускія землі, асабліва Ноўгарад і Пскоў, якія таксама былі цесна звязаны з ВКЛ і дзе пэўны час князем быў сваяк Вітаўта Лугвень. Апрача таго, трэба зазначыць, што нельга меркаваць пра погляды беларускіх эліт на падставе напісаных на старабеларускай мове літоўскіх твораў, напрыклад літоўскіх летапісных зводаў XVI стагоддзя, створаных у асяроддзі літоўскіх палітычных эліт.

У XIV стагоддзі пры двары вялікага князя літоўскага Альгерда былі досыць моцныя рускія ўплывы. Абедзве жонкі Альгерда – Марыя, дачка віцебскага князя, і Улляна, княжна цвярская, – былі праваслаўнымі русінкамі. Яны спрыялі развіццю праваслаўя і рускай культуры ў Літве: закладалі тут цэрквы, стараліся выхоўваць сыноў у рускай традыцыі і г.д. Гедымінавічы, якія замянялі Рурыкавічаў у падпарадкаваных Літве рускіх княствах, у XIV стагоддзі былі ўжо звычайна праваслаўныя, хоць сам вялікі князь літоўскі заставаўся язычнікам. Наступнік Альгерда на велікакняжацкім троне Ягайла, хоць і не прыняў праваслаўнага хрышчэння, але быў вельмі прывязаны да рускай культуры, якую засвоіў ад маці. Асабліва выразна гэта праявілася ў часе яго каралявання ў Польшчы [4, с. 125, 127].

Вітаўт, аднак, выхоўваўся ў асяроддзі, дзе не было такіх моцных рускіх уплываў. Бацькі Вітаўта Кейстутавіча – паходжаннем літоўцы. Маці, як пераказвае традыцыя XVI стагоддзя, перад шлюбам з Кейстутам – паганская жрыца, была асабліва адданая паганству [1, с. 262–263].  Беларускія летапісцы ўслед за польскім храністам Я. Длугашам адзначалі, што Кейстут любіў Вітаўта болей за ўсіх сваіх сыноў, бо той «отцевских обычаев наследовал» [5,  c. 63]. У 1382–1383 гадах Вітаўт уцёк да  крыжакоў у Прусію, дзе, каб здабыць іх прыхільнасць, прыняў каталіцтва.  Памірыўшыся з Ягайлам у 1383 годзе, ён вярнуўся ў ВКЛ і тут змяніў рэлігію, пахрысціўшыся ў праваслаўе. Прычым сам  Вітаўт у сваёй скарзе Ордэну распавядаў, што праваслаўе ён прыняўпад націскам Ягайлы [6, c. 713]. Крыжацкая крыніца пачатку XV стагоддзя згадвае пра тое, што маці Ягайлы Улляна ўзамен за наданне Вітаўту Луцка патрабавала, каб ён прыняў праваслаўе [7, c. 99]. Вітаўт пісаў, быццам праваслаўнае хрышчэнне яго было  няшчырым, і ён патаемна надалей вызнаваў каталіцтва [6, c. 713]. Відавочна, шчырым  праваслаўным Вітаўт сапраўды не стаў, бо  пры першай жа магчымасці, а менавіта ў 1386 годзе пасля заключэння Крэўскай уніі вярнуўся ў каталіцтва. Заходняя культура ізвычаі, якія Вітаўт увабраў пад час двух уцёкаў  у Ордэн (1382–1383 і 1389–1392 гады), аказалі на Вітаўта істотны ўплыў.

У 1380-х гадах з’явіўся праект аб’яднання літоўскай дзяржавы з маскоўскай, які прадугледжваў хрышчэнне усёй Літвы па грэчаскім абрадзе і прызнанне верхавенства  маскоўскага князя. Аднак у 1385 годзе Ягайла, жадаючы абмежаваць рускія ўплывы ў Літве,  заключыў з Польшчай Крэўскае пагадненне,  паводле якога ён станавіўся польскім каралём, прымаў каталіцтва і хрысціў Літву па лацінскім  абрадзе. Палітыка Ягайлы выклікала незадавальненне на рускіх землях ВКЛ. Калі Ягайла паехаў у Кракаў для каранацыі і хрышчэння,
у літоўскай Русі ўспыхнуў бунт падуладных Ягайлу Андрэя, князя полацкага, і Святаслава, князя смаленскага. Вітаўт, які з 1392 года стаў вялікім князем літоўскім пад уладай караля Ягайлы, бачыў, што ўдзельныя праваслаўныя князі Гедымінавічы былі моцнай апазіцыяй, звязанай, да таго ж, з усходнярускімі землямі [8, c. 203–204], таму распачаў іх нейтралізацыю: князям выдзяляліся ўладанні ў велікакняжацкіх валасцях, а іх княствы ліквідаваліся і ператвараліся ў намесніцтвы. На працягу 1390-х гадоў былі ператвораны ў намесніцтвы княствы Полацкае, Смаленскае, Кіеўскае і інш. Такія дзеянні Вітаўта выклікалі вострыя канфлікты: Гедымінавічы разам з мясцовымі элітамі баранілі свае княствы. Так, узброенае супраціўленне аказалі Карыбут, князь ноўгарад-северскі, Уладзімір, князь кіеўскі, у напружаную барацьбу вылілася спроба ліквідаваць Смаленскае княства [8, c. 202–206].

Ліквідацыя княстваў значна павялічыла ўплыў вялікага князя на іх тэрыторыі. Напрыклад, калі раней зямельныя наданні тут ажыццяўляў мясцовы князь, то цяпер гэта рабіў вялікі князь. Прычым Вітаўт ажыццяўляў тут наданні не толькі мясцовам элітам, але і чужым – літоўскаму баярству і касцёлу. Дарадцы князя – набліжаная да яго палітычная эліта – уплывалі на палітыку манарха ў дачыненні да канкрэтных рускіх зямель: яны мелі ўплыў на наданні, якія тут рабіў князь, на вырашэнне пытанняў гандлёвых стасункаў з суседнімі дзяржавамі і г.д. [9, c. 121–123]. Пасады намеснікаў у рускіх землях раздаваліся пераважна людзям з блізкага акружэння Вітаўта, хоць часам сустракаем і намеснікаў з мясцовых рускіх эліт [10, с. 310–329].

Гэтыя набліжаныя да князя эліты ў абсалютнай большасці, як паказваюць даследаванні, складаліся з каталікоў-літоўцаў [10, c. 57–72], значную ролю ў акружэнні князя адыгрываў таксама каталіцкі віленскі біскуп [11, c. 25–30]. Такі стан рэчаў дадаткова зацвярджалі прывілеі 1387 і 1413 года, якія гарантавалі прывілеяванае становішча літоўскага баярства і ўскладнялі доступ да акружэння вялікага князя і ключавых дзяржаўных пасад асобам некаталіцкага веравызнання, г.зн. перадусім русінам. Свой двор Вітаўт уладкоўваў на заходні ўзор [12]. Князь усяляк спрыяў развіццю рыма-каталіцкага касцёла, даваў яму шчодрыя наданні ва ўсіх землях ВКЛ, у тым ліку і на Русі. Тым часам развіццё праваслаўнай царквы былозапаволена. Спецыяльнымі эдыктамі Вітаўт і Ягайла забаранялі будавацьцэрквы ў Літве [13, с. 43]. Вядомы некалькі наданняў Вітаўта царкве ў рускіх землях ВКЛ [14, c. 58–59], але дайшлі да нас і звесткі пра адабранне князем царкоўных маёнткаў. Гэтак ён абышоўся з уладаннямі смаленскага ўладыкі: за нешта Вітаўт «розгневався» на яго і адабраў у смаленскай кафедры сяло, даўшы яго ў дзяржаннеаднаму баярыну [15, c. 43]. Гэтак жа князь зрабіў і з маёнткамі мітрапаліта Фоція на Кіеўшчыне ў 1414 годзе. Калі паміж Вітаўтам і мітрапалітам пачаўся канфлікт, то князь паадбіраў мітрапаліцкія сёлы і перадаў іх сваім баярам [16, c. 224]. Вітаўт усяляк імкнуўся да ўстанаўлення кантролю над царквой у ВКЛ і падпарадкавання яе сваёй палітыцы. Часта пад яго націскам мітрапаліт вымушаны быў пазбаўляць кафедры няўгодных князю епіскапаў або перамяшчаць прыхільных князю ўладык на больш важныя епархіі [17, c. 128; 18, c. 459; 19, с. 33–34]. Крыніцы адзначаюць, што гэта адбывалася «по хотению» Вітаўта [18, c. 453; 1, c. 420]. У 1415 годзе па ініцыятыве Вітаўта ў Новагародку быў скліканы сабор з мэтай замяніць мітрапаліта Фоція на стаўленіка Вітаўта Грыгорыя Цамблака. Новы мітрапаліт быў пасвячоны ў сан не патрыярхам, а епіскапамі рускіх зямель ВКЛ, без згоды Канстанцінопаля. Гэта выклікала смуту і падзел мітраполіі на дзве часткі – літоўскую і маскоўскую. Мітрапаліт Фоцій  у сваім лісце да праваслаўных ВКЛ дакараў Вітаўта за тое, што ён аказаў на епіскапаў націск пры зацвярджэнні Цамблака [16, c. 230]. Ускосна словы мітрапаліта пацвярджаюць летапісы (у тым ліку і ўласнабеларускія), якія паведамляюць, што пасвячэнне Цамблака адбылося  па «хотению» Вітаўта [1, c. 56]. Як  бачым, адносіны Вітаўта з царкоўнымі іерархамі былі досыць напружанымі. Царква ў гады яго панавання перажывала не лепшыя часы, бо сам князь канстатаваў яе заняпад, хоць і імкнуўся абвінаваціць у гэтым маскоўскіх мітрапалітаў [20, c. 36].

Адносіны паміж лацінскай і візантыйскай цывілізацыямі былі тады досыць напружанымі. Каталікі не лічылі «схізматыкаў»-русінаў хрысціянамі, для іх яны былі «язычнікамі», а праваслаўныя цэрквы часта пагардліва называлі «сінагогамі». Гэтаксама і для русінаў хрысціянская вера атаясамлівалася з праваслаўнай, каталікі ж былі для іх «язычнікамі», «бязбожнымі іншапляменнікамі» [21]. Паказальнае ў гэтым сэнсе апісанне Грунвальдскай бітвы 1410 года і паходу Ягайлы і Вітаўта на крыжацкія землі ў беларускім летапісным зводзе 1446 годзе, паводле якога тады «Немець избиша, а во въсих побоищех много крсщан падоша и Литвы, и Ляховъ» [1, c. 54], дзе літоўцам, палякам і немцам проціпастаўляюцца «хрысціяне» – русіны, якія бралі ўдзел у гэтым паходзе.

Вітаўт і яго заходні двор былі чужымі для русінаў. Факт адрачэння Вітаўта ад праваслаўя ў 1386 годзе меў выразную этна-культурную канатацыю, азначаў адрачэнне ад руска-візантыйскай цывілізацыі і выбар  на карысць лацінства – «ляцкай» веры. «Хроніка Быхаўца» (XVI ст.) сведчыць, што, прыняўшы праваслаўнае хрышчэнне, Вітаўт «Rusinom ostał», потым жа пахрысціўся «w Ladckuiu wiru» [1, c. 101]. У заходнярускім зборніку Аўраамкі (XV ст.) [22] чытаем, што пасля пераходу ў каталіцтва Вітаўт перастаў  быць хрысціянінам: «былъ князь Витовтъ христьянин, а имя емоу Александръ, и отвержеся православнои вере, хрестьяньства, и приатъ латыньскую веру» [23, с. 145, табл. I]. Прычым для тагачасных беларускіх чытачоў гэтая згадка была досыць важная, бо ў тэксце яна падкрэслена і побач прыведзена глоса  (пісьмо канца XVI – пачатку XVII ст.): «[Ви]товтъ [в] веру [ка]фолическую препалъ [з] [р]ускои» [23, табл. I]. Русіны ўспрымалі Вітаўта як язычніка. Летапісцы XV стагоддзя называюць яго «поганым отступником правыя веры христіянскія» [24, c. 196]. У 1412 годзе Вітаўт скардзіўся наўгародцам: «Ваши люди намъ лають и бесчествують, и зовуть насъ погаными» [23, c. 161]. Тэрміны «иноплеменници» (чужаземцы) і «поганыя» (язычнікі) былі звязаны паміж сабой, азначалі найперш людзей іншай веры. Выраз «поганый» ужываўся на Русі ў сэнсе грэчаскага і «εθνοι» (язычнікі), і «βαρβαρος» (варвар, чужаземец) ды азначаў усіх іншаверцаў, людзей пазаславяна-візантыйскай праваслаўнай цывілізацыі [25, с. 1011–1012]. Таму і язычнікі, і каталікі, і мусульмане – усе яны былі для русінаў «поганыя» [25, с. 1012]. Паказальны ў гэтым сэнсе наступны фрагмент летапісу: «князь Александръ и Дмитреи […] побежая страны поганыя: Немець, Литву, Чюдь, Корелу» [24, с. 183]. Таму і князя Вітаўта, каталіка, і яго дзеда князя Гедыміна, язычніка, рускія летапісцы называюць паводле веры адным і тым жа выразам – «поганый» [26, с. 353].

Пасля Крэўскай уніі русіны апынуліся пад уладай каталікоў. Гэта не магло не выклікаць негатыўнай рэакцыі з боку першых. Пра настроі беларускага грамадства ў той час добра сведчыць такі факт, што пасля уніі тут актыўна распаўсюджваецца антылацінская літаратура. Прычым назіраецца выразная яе адаптацыя да актуальнай этнічна-рэлігійнай сітуацыі ў заходнярускіх землях. Адзін з першых рускіх антылацінскіх зборнікаў быў створаны на землях літоўскай Русі ў канцы XIV – пачатку XV стагоддзя. З яго назвы вынікае, што крытычны тон зборніка быў скіраваны не проста да лацінян, але ў першую чаргу канкрэтна да «ляхаў» – каталіцкай Польшчы і Літвы: «Сия книга спісана бысть на ересь на латыньскую […] на утвержение истиннымъ православнымъ християномъ и на обличение и на посрамление ляховомъ и латынамъ» [27, с. 155]. Дарэчы, выраз «ляхі», якім першапачаткова называлі палякаў, на беларускіх землях ужываўся і ў больш шырокім сэнсе – як канфесіёнім у дачыненні да ўсяго каталіцкага насельніцтва Польшчы і Літвы, бо рэлігія літоўцаў, прынятая з Польшчы, называлася «ляцкай верай». Да апошняй чвэрці XIV – пачатку XV стагоддзя адносіцца стварэнне на заходнярускіх землях «Летапісца рускіх цароў», у якім змяшчалася, між іншым, перапрацаваная версія антылацінскага твора Феадосія Пячэрскага. Пры гэтым аўтар летапісу асабліва падкрэсліваў данніцкую залежнасць Літвы ад Русі ў мінулым, стараючыся надаць запісу аб залежнасці літоўскіх плямёнаў завостранасць, якой не бачым у ранейшых летапісах. Комплексны аналіз тэкста «Летапісца рускіх цароў» паказвае, што аўтар імкнуўся паказаць вышэйшы статус Русі і рускай дзяржаўнасці ў параўнанні з Літвой [28, с. 110, 172]. Усё гэта добра адлюстроўвае, як цесна былі сплецены рэлігійная і этнічная барацьба ў ВКЛ пасля падзей 1385–1387 гадоў. Развіваецца антылацінская літаратура і паз-ней – у 1415–1420 гадах, калі мітрапалітам кіеўскім у ВКЛ быў Грыгорый Цамблак, які стварыў два антылацінскія творы [29].

Для насельніцтва рускіх зямель ВКЛ веравызнанне намеснікаў, прысланых з Літвы, мела вялікае значэнне. Напрыклад, калі ў 1381 годзе намеснікам у Полацку быў прызначаны князь Скіргайла, дык палачане не хацелі яго прымаць, матывуючы гэта тым, што ён язычнік [30, c. 100]. Непрыязнае стаўленне было і да намеснікаў-каталікоў. Так, аўтар летапісных запісаў пра Смаленск на мяжы XIV–XV стагоддзяў абураўся, што Вітаўт «Ляхомь дасть град предръжати» [1, с. 51] (тут, відавочна, пад «ляхамі» маюцца на ўвазе каталікі). Паказальны таксама прыклад, калі ў 1471 годзе кіяўляне адмаўляліся прымаць прысланага з Літвы намеснікам каталіка Марціна Гаштольда [5, c. 91]. Адмоўныя рэфлексіі выклікала і іншавер’е самога вялікага князя Вітаўта: паводле русінаў, з-за таго, што ён не быў праваслаўным, спрычыніўся да заняпаду царквы ў ВКЛ. У 1415 годзе ў сваім акружным пасланні князь згадваў, што многія людзі вінавацяць яго ў «аскудзенні» царквы, бо ён не іхняй веры: «хотя есмо не у вашеи вере, а иныи люди съ стороны ркуть: «осподарь не въ той вере, того для Церковь оскудела», ино бы того слова отъ людеи на насъ не было…» [20, c. 36]. Сам мітрапаліт Цамблак пытаўся ў Вітаўта: «Что ради ты, княже, самъ въ вере Ляцьской, а не въ православной вере христіяньской?» [23, c. 166]. Ініцыяваны Вітаўтам сабор 1415 года выразна асуджаўся рускімі (у тым ліку і ўласнабеларускімі) летапісамі. Летапісцы падкрэслівалі, што сабор быў скліканы па волі Вітаўта насуперак Божай волі [1, с. 56]. З тастамента мітрапаліта Фоція вынікае, што ў час падзелу мітраполіі ў 1415–1420 гадах яму аказвалі падтрымку пэўныя «князи и велможа» ў ВКЛ, якія імкнуліся да ўз’яднання мітраполіі [31, c. 146]. Паводле ўяўленняў сучаснікаў Вітаўта, адступленне ўладара ад веры або яго няправедныя паводзіны прыцягвалі на дзяржаву розныя няшчасці. Вось як пра гэта гаворыцца ў «Аповесці мінулых гадоў»: «…аще бо князи правьдиви бывають в земли, многа отдаются согрешенья земли, аще ли зли и лукави бывають, то болше зло наводить Богъ на землю» [32, c. 139–140]. У летапісным зборніку Аўраамкі чытаем, што адступленне Вітаўта ад «хрысціянскай» веры навяло ў 1399 годзе на Кіеў татараў [23, c. 145].

У літоўскай Русі існавала моцная апазіцыя Вітаўту. У 1408 годзе ў ВКЛ узбунтаваўся князь Свідрыгайла, які ўцёк у Маскву, шукаючы там падтрымкі супраць Вітаўта. У яго свіце былі рускія князі і баяры з розных куткоў ВКЛ, ды нават праваслаўны іерарх – бранскі епіскап, што сведчыць пра  маштабы і значэнне гэтага бунту [24, c. 257]. Калі ж пазней Свідрыгайлу  схапілі і пасадзілі ў вязніцу, то ў 1418 годзе рускія князі – Дашка Астрожскі, Андрэй Смаленскі і Аляксандр Нос – вызвалілі яго і дапамаглі ўцячы ў Ордэн. Пра тагачасныя настроі на літоўскай Русі сведчыць рэляцыя ордэнскага шпега, якім быў русін з ВКЛ. Ён даносіў, што ў ВКЛ шмат якія людзі гатовы далучыцца да Свідрыгайлавага бунту, сам жа не хаваў сваёй радасці з нагоды вызвалення князя [33, с. 188]. Калі ў 1430 годзе Вітаўт памёр, то, як адзначаў Длугаш, многія, асабліва русіны, радаваліся і звязвалі свае надзеі з князем Свідрыгайлам [34, с. 304]. Наступнікам Вітаўта сапраўды стаў Свідрыгайла, аднак у выніку змовы, арганізаванай часткай літоўскіх эліт з ведама Польшчы, ён быў адхілены ад улады. Тым не менш Свідрыгайла знайшоў прытулак на Беларусі, і ВКЛ увязла ў міжусобнай вайне. Такія былі вынікі палітыкі Вітаўта ў дачыненні да літоўскай Русі.

Вітаўт не задавальняўся ўладай над часткай рускіх зямель – ён выразна імкнуўся да падпарадкавання ўсёй Русі. Пра такую мэту князя крыніцы згадваюць ужо ў 1399 годзе [23, c. 145]. З канца XIV стагоддзя Вітаўт разгарнуў экспансію ва ўсходнім напрамку: у 1395–1404 гадах быў захоплены Смаленск. Пад канец панавання князя яго ўплыў на Русі сягаў ужо досыць далёка. Дэманстрацыяй магутнасці Вітаўта стала выправа 1427 года, калі князь даехаў да ваколіц Масквы, прымаючы па дарозе мясцовых рускіх князей, якія дэкларавалі яму паслушэнства і абдорвалі багатымі падарункамі. Аднак крыніцы даносяць: як ва ўсходнярускіх, так і ў заходнярускіх землях экспансія Вітаўта выклікала крытыку. «Аповесці айца Пафнуція», што паходзяць з Масквы і даюць негатыўную ацэнку асобы Вітаўта, адносяцца  якраз да 1427 года (твор захаваўся ў спісах XVI ст.) [35, c. 95–106]). У 1428 годзе ў час выправы Вітаўта на наўгародскія землі русіны з войска Вітаўта прасілі князя зняць аблогуз наўгародскіх гарадоў, бо турбаваліся пратамтэйшы люд, з якім іх злучала адзіная вера, звычаі і мова [34, с. 245].

Разам з тым крыніцы згадваюць і пра прыхільнікаў Вітаўта сярод русінаў. У час вайны Вітаўта за Смаленск у 1395–1404 гадах у горадзе згадваюцца людзі, якія жадалі перадаць Смаленск Вітаўту і варагавалі з  прыхільнікамі мясцовага князя Юрыя. Паходзілі яны з баярства [36, c. 333]. Гарачым прыхільнікам Вітаўта сярод епіскапата праваслаўнай царквы ў ВКЛ быў епіскап смаленскі Герасім, па ініцыятыве якога ў 1428 годзе ў Смаленску быў створаны панегірычны  твор «Пахвала Вітаўту». У 1430-х гадах у асяродку Герасіма з’явілася яшчэ некалькі твораў, што ўслаўлялі Вітаўта, сярод якіх і другая рэдакцыя «ПахвалыВітаўту» [19]. Князь імкнуўся фаварызаваць і ўзвысіць Герасіма ў кіраванні царквой у ВКЛ [37, c. 108–109]. І гэты іерарх апраўдаў чаканні Вітаўта – ён захаваў вернасць палітыцы князя нават пасля смерці свайго патрона, праслаўляючы яго ў сваіх творах і застаючыся прыхільнікам лучнасці рускіх зямель з Літвой. У час вайны 1432–1436 гадоў, калі настаў падзел ВКЛ на ўласна Літву і Русь, Герасім выступіў за еднасць ВКЛ, што знайшло адлюстраванне таксама ў яго літаратурных творах [19, c. 29–32].

Разгледзім, як у «Пахвале Вітаўту» паказаны князь і за якія заслугі аўтар яго гларыфікуе. На пачатку твора гаворыцца, што Вітаўт падпарадкаваў усе рускія землі, падначаліўшы, акрамя літоўскай Русі, таксама тэрыторыі ўсходняй і паўночнай Русі. Вітаўт стаў валадаром усяе Русі, прычым дзяржава Вітаўта атаясамліваецца перадусім з Руссю: «тогда бо емоу многа летъ соущи держащу великое княженье Литовьское и Роусьское и иная великая княженья – спроста рещи вся Роусьская земля». Галоўным жа горадам гэтай дзяржавы аўтар называе Кіеў, які з’яўляецца «единымъ», «великимъ» сярод іншых яго гарадоў («бяше емоу неколко  от своихъ градовъ оу великомъ граде Киеве» ) [1, c. 66, с. 138]. Тут перад чытачом найвыразней паўстае адноўленая Кіеўская дзяржава. Далей панегірыст піша, што Вітаўт перамог і падначаліў сабе татарскіх ханаў, якія былі галоўным ліхам Русі ад XIII ст. Пры гэтым ханы прыходзяць да Вітаўта з дарамі і кланяюцца яму менавіта ў Кіеве, што, безумоўна, вельмі сімвалічна. Такім чынам, у Вітаўце аўтар бачыць уладара, які здолеў аб’яднаць  рускія землі і адрадзіць Кіеўскую Русь ды  вызваліў яе ад татараў. Аднак у творы не ўслаўляецца сама асоба Вітаўта, яго якасці. Гаворыцца толькі, што ён быў вялікім і слаўным уладаром. Гэта вельмі  нетыпова для рускіх пахвальных твораў. Важная частка тагачасных рускіх панегірыкаў – характарыстыка князя як чалавека. Князьпавінен быць узорным хрысціянінам, пры-кладам для іншых, як Хрыстос. У панегірыках ён надзяляўся такімі эпітэтамі, як «милостивыи», «благоверный», «христолюбивый» і г.д. У «Пахвале Вітаўту» аўтар нідзе не ўжывае ў адносінах да Вітаўта падобных пахвальных эпітэтаў. А ў той жа час, згадваючы пра візантыйскага імператара, панегірыст называе яго «благоверным и христолюбивым». Выразна бачна, што для аўтара «Пахвалы» Вітаўт – чужы ўладар, «нехрысціянскі», з-за чаго ён не мог назваць яго такімі ж словамі, як «свайго» візантыйскага цара.

Агульны агляд згадак пра Вітаўта ў тагачаснай рускай (як усходня-, так і заходнярускай) літаратуры XV стагоддзя паказвае, што яго панаванне ацэньвалася рэзка негатыўна [37, c. 99–107]. У прыватнасці, гэта можна пабачыць у заходнярускім летапісным зводзе 1446 года. Сюды ўвайшлі творы Герасіма, але таксама прыведзены і аповесці  пра сабор 1415 года і ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1395 годзе і 1404 годзе, дзе князьпрадстаўлены ў выразна адмоўным святле [1, c. 46, 50, 56]. Факт наяўнасці ў зводзе твораў Герасіма ніяк не садзейнічаў таму, каб зводчык згладзіў негатыўныя ацэнкі дзеянняў Вітаўта ў іншых месцах летапісу ды прапусціў пры перапісцы пратографа непрыхільныя Вітаўту выказванні. У памянёных аповесцях ацэнка старабеларускімі летапісцамі дзеянняў Вітаўта не змянілася.

Такім чынам, хоць і сустракаліся на Русі прыхільнікі Вітаўта, аднак агульная тэндэнцыя ў тагачаснай рускай літаратуры і звесткі пра настроі рускага грамадства ВКЛ сведчаць, што асоба князя ўспрымалася тут пераважна негатыўна. Заўважым пры гэтым, што  прыхільнікі князя, як той Герасім, не былі, як часта можна прачытаць у беларускай навукова-папулярнай літаратуры, «патрыётамі ВКЛ»,  а разглядалі палітыку Вітаўта выключна з пазіцыі інтарэсаў Русі.


Літаратура

1. Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). – Т.17. – СПб., 1907.

2. Флоря, Б.Н. Исторические судьбы Руси и этническое самосознание восточных славян в XII–XV веках (к вопросу о зарождении восточнославянских народностей) / Б.Н. Флоря // Славяноведение. – 1993. – № 2.

3. Флоря, Б.Н. О некоторых особенностях развития этнического самосознания восточных славян в эпоху Средневековья – раннего Нового времени / Б.Н. Флоря // Россия – Украина: история взаимоотношений; под ред. А.И. Миллера, В.Ф. Репринцева, Б.Н. Флори. – Москва, 1997. – C. 9–27.

4. Dlugossius, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / J. Dlugossius. – Liber 11–12. – Varsoviae, 2001.

5. ПСРЛ. – Т. 32. – М., 1975.

6. Scriptores rerum Prussicarum, Bd. 2. – Leipzig, 1863.

7. Ліцкевіч, А. Сумарыум Ягайлы і Вітаўта / А. Ліцкевіч // Беларуская думка. – 2009. – № 11.

8. Греков, И.Б. Восточная Европа и упадок Золотой Орды (на рубеже XIV–XV веков) / И.Б. Греков. – М., 1975.

9. Доўнар-Запольскі, М.В. Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах / М.В. Доўнар-Запольскі. – Мінск, 2009.

10. Petrauskas, R. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje – XV a.: sudėtis-struktūra-valdžia / R. Petrauskas. – Vilnius, 2003.

11. Korczak, L. Litewska rada wielkoksiążęca w XV w. / L. Korczak. – Kraków, 1998.

12. Пятраўскас, Р. Фарміраванне інстытуцыйнага двара вялікага князя ў Літве (XIV – пачатак XV ст.) / Р. Пятраўскас // Arche. – 2009. – № 9.

13. Liedke, M. Od prawosławia do katolicyzmu. Ruscy możni i szlachta Wielkiego Księstwa Litewskiego wobec wyznań reformacyjnych / M. Liedke. – Białystok, 2004.

14. Vitoldiana: codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae (1386–1430). – Warszawa – Poznań, Wyd. J. Ochmański, 1986.

15. Lietuvos Metrika. Kn. № 3 (1440–1498). – Vilnius, 1998.

16. ПСРЛ. – Т. 11. – СПб.,1897.

17. Trajdos, M. Biskupi prawosławni w monarchii Jagiełły / M. Trajdos // Nasza Przeszłość. – 1986. – Т. 66.

18. Приселков, М.Д. Троицкая летопись: Реконструкция текста / М.Д. Приселков. – М.; Л., 1950.

19. Mikulski, J. Smoleński ośrodek latopisarski w latach 20–50 XV w. / J. Mikulski // Białoruskie zeszyty historyczne. – 2010. – Z. 33.

20. Акты, относящиеся к истории Западной России. – Т. 1. –СПб., 1846.

21. Хорошкевич, А.Л. Католики в представлениях русских летописцев XIV–XV вв. / А.Л. Хорошкевич // Katolicyzm w Rosji i
prawosławie w Polsce. – Warszawa, 1997.

22. Клосс, Б.Н. Предисловие к изданию 2000 г. / Б.Н. Клосс //ПСРЛ. – Т. 16. – М., 2000.

23. ПСРЛ. – Т.16. – СПб.,1889.

24. ПСРЛ. – Т. 4. – СПб., 1848.

25. Срезневский, И.И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам: в 3 т. / И.И. Срезневский. – Т. 2. – СПб., 1902.

26. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. – М.; Л., 1950.

27. Попов, А.Н. Историко-литературный обзор древнеруских полемических сочинений против латинян (XI–XV в.) / А.Н. Попов. – М., 1875.

28. Марзалюк, І.А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X–XVII ст.) / І.А. Марзалюк. – Магілёў, 2003.

29. Донченко, Н.Ф. Григорий Цамблак и антилатинская полемика XIV–XV вв. / Н.Ф. Донченко // Герменевтика древнерусской литературы. – Вып. 10. – М., 2000.

30. Tęgowski, J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów / J. Tęgowski. – Poznań – Wrocław, 1999.

31. ПСРЛ. – Т.6. – СПб., 1853.

32. ПСРЛ. – Т. 1. – М., 1997.

33. Lewicki, A. Powstanie Świdrygiełły / A. Lewicki // Rozprawy  Polskiej Akademii Umiejętności: Wydział historyczno-filozoficzny. –T. 29. – 1892.

34. Dlugossius, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / J. Dlugossius. – Liber 11. – Varsoviae, 2000.

35. Древнерусские патерики: Киево-Печерский патерик. Волоколамский патерик / Подг. Л.А. Ольшевская, С.Н. Травников. – М., 1999.

36. Голубовский, П.В. История Смоленской земли до начала
XV в. / П.В. Голубовский. – Киев, 1895.

37. Мікульскі, Ю.М. Грунвальдская бітва 1410 г. ў старабеларускай традыцыі / Ю.М. Мікульскі // Вялікае княства Літоўскае  і яго суседзі ўXIV–XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва,  урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы / рэд. А.А.Каваленя[і інш.]. – Мінск, 2011.