Падарожжы – справа займальная і надзвычай цікавая. Прычым неабавязкова вялікабюджэтная. Калі вандроўкі за мяжу сапраўды часам патрабуюць істотных капіталаўкладанняў, то пазнанне ўласнага, беларускага сусвету абыдзецца значна танней. Вось толькі ў якой ступені самабытныя мясціны гатовыя прыняць турыста? Праверым гэта на прыкладзе аднаго з найцікавейшых мястэчак Берасцейшчыны – горада Высокае.

Выбар горада выкліканы яго выключнай перспектыўнасцю для турызму. Па-першае, тут ёсць прыстойны спіс заўсёды цікавых падарожніку помнікаў архітэктуры і прыроды, якія захаваліся дзякуючы аддаленасці мястэчка ад магістральных шляхоў. Высокае быццам застыла на мяжы мінуўшчыны і сучаснасці, і разглядваць у ім можна ледзь не кожны дом. Ландшафт таксама фантастычны. Нездарма ж тут будаваліся магнаты, і менавіта тут напрыканцы XIX стагоддзя прайшлі ваенныя вучэнні, на якія завітаў расійскі імператар Аляксандр ІІІ з жонкай.

Блізасць з Польшчай і наяўнасць у ваколіцах іншых турыстычна прывабных мясцін тыпу Воўчына і Грымячы падвойвае, калі не патройвае турыстычныя перспектывы горада. Краязнаўцы са свайго боку адзначаюць, што Высокае з’яўляецца ўнікальным пунктам, дзе гарманічна доўгі час спалучаліся яўрэйская, каталіцкая і праваслаўная культуры.

 “У нас турыстаў няма”

Накіроўваемся ў горад і вывучаем, наколькі ён гатовы да спаткання з турыстам. На шыі – фотаапарат, на твары – разгубленая ўсмешка. І звяртаемся да першага ж чалавека, які падае прыкметы прыветлівасці.

− Добры дзень! Мне пра ваш горад шмат расказвалі. Але не магу зарыентавацца, што тут можна паглядзець. Можа, падкажаце?

І так разоў 6-7, пакуль канчаткова не вымалёўваецца карціна ўспрымання жыхарамі Высокага сваёй малой радзімы: “А што вы тут хочаце паглядзець? Нічога асаблівага ў нас няма. Як ва ўсіх: аўтавакзал, пошта, банк”, “Помнік Леніну ў нас ёсць, дом культуры, вось там кафэ, можаце зайсці”, “Не ведаю, што вам сказаць… А, дык у нас ёсць яўрэйскі помнік, нядаўна паставілі”, “Можаце схадзіць у парк, калі хочаце. Што за парк? Дакладна вам не скажу, але звычайна там усе гуляюць”.

Ні разу не гучыць у адказах, што тут ёсць 2 сінагогі ХVI стагоддзя, Свята-крыжаўзвіжанская царква, якую наведаў расійскі цар, касцёл Святой Троіцы, кляштар братоў баніфратаў. Не кажуць нічога мясцовыя і пра шыкоўны палаца-паркавы ансамбль Сапегаў-Патоцкіх, відаць, ведаючы яго проста як вышэйназваны “парк”.

Закрадаецца ўражанне, што турыстаў тут у вочы не бачылі. Яно мацуецца па меры прасоўвання па горадзе. Ніякіх указальнікаў, інфармацыйных шыльд, ніякіх карт з указаннем маршрутаў перасоўвання да жаданых аб’ектаў не знаходзім. Яны, стандартныя, ёсць толькі перад самімі помнікамі – і на тым дзякуй.

Выпадкова сустрэты на тэрыторыі рэштак палаца Сапегаў настаўнік паказвае большыя веды па турыстычных кропках Высокага, чым яго апытаныя папярэднікі. Ён расказвае, што турысты сюды ўсё ж прыязджаюць, але выключна арганізавана, на аўтобусах і з экскурсаводам.

 Экзотыка без макіяжу

Раз трапілі ў горад, паглядзім, у якім стане знаходзяцца турыстычныя аб’екты. Гатовыя яны паўстаць перад вокам масавага падарожніка, ці на іх нават дыхаць страшна. Высокае ў гэтым плане неадначначнае. Калі культавыя помнікі не выклікаюць асаблівай занепакоенасці, то ля астатніх будынкаў проста хочацца плакаць. Дзівоснай прыгажосці ўязная брама, што засталася ад Сапегавага замка, выглядае вельмі рамантычна ў сваёй закінутасці, але наўрад ці адсутнасць граматнай кансервацыі працягвае ёй жыццё. Пра гэта сведчыць усё той жа настаўнік: “Ад брамы штогод застаецца ўсё менш. Цэгла развальваецца, дзеці зверху поўзаюць. Перад навучальным годам камунальшчыкі трохі дрэвы на ёй павысякалі, а то ж яна за год яшчэ і зарастае”.Гэтак жа няўззброеным вокам відаць, што больш новы палац Патоцкіх таксама перажывае не лепшыя часы. Галоўны будынак яшчэ ладна, а вось у памяшканні былога кінатэатра праз дах можна глядзець на сонца ці на зоры. Што тут быў кінатэатр, мы даведваемся ад яшчэ адной настаўніцы. Педагогі тут часта сустракаюцца не зусім выпадкова – ансамбль на момант нашай вандроўкі знаходзіцца на балансе школы-інтэрната.

Зусім у цяжкім становішчы знаходзіцца былы кляштар баніфратаў, задзейнічаны, падобна, пад склады. А на першую сінагогу і ўвогуле глядзім так, быццам бачым першы і апошні раз. Гэта яшчэ трэба ўмудрыцца давесці да такога стану будынак са сценамі паўмятровай таўшчыні.

Другая сінагога, на 50 год маладзейшая за першую, у больш выгодным стане. Яе купіў мясцовы прадпрымальнік і паціху перарабляе яе ў рэстаран і гасцініцу, за што ў свой час жорстка крытыкаваўся грамадскасцю. Васіль Марынчук праводзіць нас унутр і паказвае, што ён ужо зрабіў і што толькі збіраецца. Магчыма, на гэта паўплывала своечасовае ўмяшальніцтва краязнаўцаў, але гістарычны будынак не выглядае пакалечаным. Адзінае, што выклікае пытанне, – дабудова другога паверха. Але так ці інакш сінагога атрымала другое нараджэнне. І яе папярэдніца мусіць ёй зайздросціць.

Калі Высокае прырасце на новы рэстаран, Марынчук і сам не ведае: “Калі б сюды паехалі турысты, я б хутка закончыў. А так няма асаблівага сэнсу спяшацца”.

 Начлег

Калі ехаць у Высокае з Брэста, можна не задумвацца, ці ёсць дзе ў гарадку пераначаваць. Калі ж на падарожжа адважыцца больш далёкі турыст, то для яго інфармацыя падобнага роду можа быць вызначальнай.

Адзіная ў горадзе гасцініца зачынена на рамонт, пакоі пасуткава здае толькі ўжо знаёмы нам прадпрымальнік Васіль Марынчук. Праўда, яго апартаменты не выглядаюць на бюджэтныя, ды ён і сам прызнаецца, што жывуць тут пераважна камандзіровачныя людзі: “За тра гады ніводнага турыста я ў горадзе не бачыў. Можа, яны і заязджаюць, але ненадоўга, інакш бы прыйшлі да мяне. Тут больш ніхто не здае жыллё”.

Марынчук выказваецца наконт агульнай палітыкі мэрыі да турызму: “Не патрэбныя ім турысты. Інакш як патлумачыць, што з-пад маёй гасцініцы ніяк не могуць прыбраць грамадскі туалет? Я нават напісаў заяву, каб перанеслі яго за мой кошт. І ўсё роўна нічога. Перад людзьмі сорамна – хоць ты вокны не адчыняй”. Прадпрымальнік набірае са свайго тэлефона нумар мэра, каб мы пераканаліся, што ўсё сказанае – праўда. Карыстаемся гэтай магчымасцю, каб спытаць не толькі пра грамадскі туалет, але і пра бачанне мэрам турыстычнага Высокага.

 Можацца, ды не хочацца

Мэр Леанід Бірук адразу прыводзіць на карысць грамадскага туалета непарушны, па яго меркаванні, аргумент: “Туалет быў на тым месцы раней, чым гасцініца”. Адразу становіцца ясна, што горад не гатовы да прыняцця турыстаў больш маральна, чым матэрыяльна. І далей ужо не пераконваюць адгаворкі, што ў выканкаме Высокага няма спецыялістаў, якія б займаліся развіццём турызму. Хаця гэта тлумачыць, чаму турысты тут выключна “імпартныя” − арганізаваныя на экскурсію з Камянца або Брэста. Сам горад не атрымлівае са сваёй гістарычнай спадчыны ні заробку, ні, як следства, задавальнення. Адзін галаўны боль. Адсюль адпаведныя адносіны.

Ведаючы, што ў аблвыканкаме ў свой час распрацоўвалася цэлая праграма развіцця горада як турыстычнага цэнтра, але не была прынятая, звяртаемся туды, ці ёсць нешта падобнае зараз. Адказ атрымліваем адмоўны: “Камянецкім райвыканкамам зацверджана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Камянецкага раёна на 2011-2016гг., а праграма развіцця г.Высокае асобна не распрацоўвалася”. Але ёсць і добрыя навіны. Аказваецца, палацава-паркавы ансамбль Сапегаў-Патоцкіх будзе аднаўляцца ў межах трансгранічнага супрацоўніцтва, ужо выраблена і прайшла праектна-каштарысную праверку дакументацыя на рэстаўрацыю ансамбля. А вось нечаканая інфармацыя: “Разам з тым, палацава-паркавы ансамбль прайшоў ацэнку і выстаўлены на продаж з аўкцыёну”. Бадай, за лёсам помніка будзе цікава назіраць і далей.

Увогуле чыноўнікі не аспрэчваюць, што Высокае ўяўляе пэўную цікавасць для турыстаў. Але на гэтым усё і заканчваецца. Навошта лішні клопат, калі ў нас ужо ёсць аквапарк, страусіная ферма ды рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза, куды масава возяць дзяцей на выходных і канікулах?

Таму не варта чакаць, пакуль мясціны, падобныя Высокаму, пачнуць рэкламаваць службоўцы. Развіваць мясцовы турызм павінны шэрагавыя беларусы. Ад кожнага не так і шмат патрабуецца – пачаць ездзіць па сваёй краіне і вазіць па ёй гасцей. Ёсць непарушны закон рынка: попыт нараджае прапанову. Не зможа турыстаў абслугаваць дзяржава, то гэта – афіцыйна ці падпольна – з задавальненнем зробяць прыватныя асобы.