Адкрыццё выстаўкі  ікон мастачкі Ядвігі Сянько да 1025-годдзя Хрышчэня Русі і свята Праваслаўнага Вялікдня

“Адбудуем храм у душы…”

26 красавіка а 16-й гадзіне напярэдадні Вербнай нядзелі ў  Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі ікон “Адбудуем храм у душы…”. Аўтар палотнаў – Ядвіга Іванаўна Сянько, мастачка з г. Маладзечна.

Ёсць французская прытча: «Тры працаўнікі цягаюць каменні да месца, на якім будуецца храм. Падарожны пытаецца ў іх:

— Што вы робіце?

Адзін адказвае: «Зарабляю грошы». Другі — «Цягаю каменне». А трэці, з гонарам у голасе, вымавіў: «Будую храм».

Сапраўды, можна па-рознаму ставіцца да сваёй справы. І як ты яе бачыш, як падаеш, як адчуваеш і як робіш, так яна і будзе жыць у гэтым свеце, выглядаць у вачах людзей. Ядвіга Сянько заўсёды ставілася да сваёй творчасці, як да ўзвядзення храма.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 30 работ — спісы (копіі) найбольш вядомых праваслаўных і каталіцкіх ікон, якія па бласлаўленні Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мастачка стварае з 1997года.

Ядвігай напісана больш за 1500 ікон і карцін на хрысціянскую тэму. Яе працы можна ўбачыць не толькі ў храмах г. Маладзечна і Маладзечанскага раёна, але і ў многіх храмах Беларусі і за яе межамі, а таксама ў некаторых музеях рэспублікі. Мастачка працуе таксама ў жанры пейзажу і нацюрморта. Ёю напісана больш за 500 кветкавых кампазіцый і пейзажаў. Работы Ядвігі Сянько знаходзяцца ў прыватных калекцыях ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Польшчы, Германіі, Італіі, Англіі, ЗША.

На адкрыцці выстаўкі з прамовай да прысутных звернецца пробашч Усясвяцкага прыходу Мінска протаіерэй Фёдар Повны, а таксама прагучаць духоўныя спевы.

 САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная,

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by