За дзень да імпрэзы супрацоўнікі Міністэртва па надзвычайных сытуацыях апячаталі памяшканьне, дзе плянавалася правесьці прэзэнтацыю “Арт Сядзібы”.
Вось што сказаў Свабодзе дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус: «Учора ўвечары прыйшоў да будынку і ўбачыў апячатаныя дзьверы. Адразу патэлефанаваў уладальніку, які падцвердзіў, што яго выклікалі да будынку і ў ягонай прысутнасьці дзьверы апячаталі супрацоўнікі МНС.

Усё вельмі проста: у сераду на generation. by выйшаў цудоўны матэрыял, у якім распавядалася, што «Арт Сядзіба» ўзнаўляецца ў новым месцы і першаю імпрэзаю ў пятніцу будзе сустрэча зь Лявонам Вольскім. Матэрыял пайшоў па інтэрнэту, яго прачыталі «патрэбныя» людзі, патэлефанавалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну, там адразу паніка, тыя накіроўваюць праверыць памяшканьне МНС, а ўладальніка ставяць перад фактам, што новыя арандатары гэтага памяшканьня не пажаданыя. Такім чынам мы сёньня скасавалі падпісаную дамову і новая Арт Сядзіба зачыненая, не пасьпеўшы адчыніцца. Вось такая цэпная рэакцыя.

Цяпер вынікае, што ў юрыдычнай асобы зьняць памяшканьне пад нашую дзейнасьце нерэальна, адразу патэлефануюць і запалохаюць праблемамі ў бізнэсе. Застаецца шукаць уласьнікаў фізасобаў і замежныя прадпрыемствы, якім нічога не страшна, альбо шукаць спонсараў для набыцьця нейкага будынку ці памяшканьня ва ўласнасць. Самая непрыемнае, што «Арт Сядзіба» — гэта зусім не палітычны праект, цалкам культурна-асьветніцкі, але беларуская мова і нашая актыўнасьць выклікаюць «страх» у кагосьці».