Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, наведваючы 20 чэрвеня кандытарскую фабрыку «Слодыч», падчас размовы з журналістамі не выключыў негатыўнага ўплыву на беларускую эканоміку сітуацыі на сусветным фінансава-эканамічным рынку, якая ў цяперашні час, паводле яго слоў, складаецца не самым лепшым чынам.

«Калі глядзець аб’ектыўна… негатыўныя працэсы, рэцэсія, зніжэнне пакупніцкага попыту назіраюцца і ў Еўропе, і ў Кітаі. Натуральна, і мы не застрахаваны ад гэтага, бо ў нас адкрытая эканоміка», — канстатаваў беларускі прэм’ер.

Разам з тым кіраўнік урада падкрэсліў, што «мы будзем імкнуцца, каб аб’ёмы кампенсацыйных мер дазволілі ўсё ж такі выйсці на планавае заданне».

Паводле яго слоў, заданне па росце ВУП у 2012 годзе вызначана — 5,5%. «Калі не будзе нейкіх знешніх абставінаў, думаю, што мы справімся з пастаўленай задачай», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама паведаміў, што сёлета ў Беларусі плануецца пабудаваць 6 млн квадратных метраў жылля (з іх з дзяржпадтрымкай — 3 млн).

Як раней перадаваў Тэлеграф, міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец 21 чэрвеня, што ў 2012 годзе плацяжы краіны па вонкавым абавязку павялічацца ў два разы ў параўнанні з мінулым годам да 1,6 млрд даляраў.