Відзаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж рэалізуе ў родным мястэчку незвычайны эколага-этнатурыстычны праект «Відзы-сіці». «Відзы-сіці» — маштабны праект, які закліканы спрыяць развіццю не толькі каледжа, але і ўсяго мястэчка, бо навучальная ўстанова фактычна з’яўляецца горадаўтваральным для памежнага з Літвой населенага пункта з яго 1,7 тыс. жыхароў. На цяперашні час у стварэнні «Відзы-сіці» ўдзельнічаюць экалагічны цэнтр выхавання моладзі, творчае аб’яднанне навучэнцаў, якія працуюць пры каледжы, і грамадскае аб’яднанне «Цэнтр развіцця Відзаўскага краю».

Па задуме аўтараў праекта, у Відзах ствараецца інфраструктура для развіцця экалагічнага і этнічнага турызму. Прафесійна-тэхнічны каледж актыўна асвойвае нетрадыцыйныя крыніцы энергіі і для падагрэву вады ў інтэрнаце і асвятлення памяшканняў навучальнай гаспадаркі.

Як лічыць дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў, сонечны калектар і ветраная ўстаноўка могуць заняць ганаровае месца ў шэрагу мясцовых архітэктурных і прыродных выбітнасцяў.

Развіццё этнічнага кірунку каледж злучае з комплексам рамесных майстэрняў, якія абсталёўваюцца ў «Заезным двары». Навучальная ўстанова набыла старажытныя будынкі складоў, адрамантавала іх і ўжо да пачатку наступнага турыстычнага сезону збіраецца прадставіць тут традыцыйныя для беларусаў і літоўцаў рамёствы, у тым ліку пачаць выраб коннага транспарту — калёсаў, брычак, карэт і дыліжансаў. Гэты тып транспарту будзе выкарыстоўвацца для абслугоўвання турыстаў на маршрутах па Браслаўскім краі.

Як адзначыў Міхаіл Смірноў, стаўка на турызм у Відзах зробленая на падставе практычнай працы. Штогод на базе адпачынку каледжа адпачываюць больш за 200 дзяцей, у тым ліку з прымежных раёнаў Пскоўскай вобласці. Экскурсанты з задавальненнем наведваюць вальерную і навучальную гаспадаркі, дзе гадуюцца каровы, трусы, алені і страўсы. Каледж таксама арандуе два возеры агульным пляцам 120 га і мае рыбалоўчую брыгаду.