У Мінску 10 верасня прадстаўлены праект «дарожнай карты» па прасоўванні Беларусі ў сферы права на свабоду рэлігіі.

Са зместам праекта ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «Свабода думкі, сумлення і рэлігіі: міжнародна-прававыя стандарты і іх імплементацыя ў нацыянальныя прававыя сістэмы еўрапейскіх дзяржаў» азнаёміла старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Цэнтр вывучэння сучаснай рэлігійнасці», кандыдат філасофскіх навук Наталля Кутузава.

У інтэрв’ю БелаПАН яна выказала надзею на дапамогу юрыстаў-міжнароднікаў у дапрацоўцы гэтага праекта, які рэалізуецца ў рамках ініцыятывы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства».

Паводле яе слоў, «дарожная карта» ў першую чаргу адрасавана арганізацыям грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаронай правоў грамадзян у галіне свабоды сумлення і веравызнання.

Як адзначыла Кутузава, праект «дарожнай карты» — гэта пакрокавы механізм удасканальвання існуючай беларускай мадэлі ў галіне рэлігійных свабод.

Рэалізацыя самага эфектыўнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі немагчыма без прававой культуры грамадзян, у першую чаргу непаўналетніх — самай уразлівай групы насельніцтва, сказала Кутузава. Аднак цяперашняя сістэма адукацыі «не дае магчымасці для абароны правоў непаўналетніх». Паводле яе слоў, ініцыятыва Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы па выкладанні ў школах курсу «Асновы праваслаўнай культуры» выклікае вялікія сумненні ў аўтараў «дарожнай карты».

«У краіне афіцыйна дзейнічае 25 канфесій, і вучэбныя класы з’яўляюцца поліканфесійнымі. Таму педагогі і аўтары вучэбна-метадычных матэрыялаў не павінны дапускаць дыскрымінацыю па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасці. Мы спасылаемся на станоўчы вопыт краін АБСЕ, дзе з 2007 года рэалізуюцца т.з. Таледскія прынцыпы выкладання рэлігіі ў школе, заснаваныя на выкананні навыкаў цярпімасці», — падкрэсліла вучоная.

Яна пераканана, што ацэнку ўсіх ініцыятыў, у першую чаргу адукацыйных і тых, што зыходзяць ад рэлігійных арганізацый, павінны даваць юрысты, і гэтая ацэнка павінна насіць прававы, а не ідэалагічны характар.

Сярод іншых акцэнтаў «дарожнай карты» яна назвала стварэнне інфармацыйна-кансультацыйнай сеткі па пытаннях абароны правоў дзяцей, неабходнасць актывізацыі дзейнасці грамадскіх камісій па выкананні заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі, правядзенне маніторынгу парушэння правоў у галіне свабоды сумлення, а таксама імплементацыю міжнародных стандартаў у нацыянальнае рэлігійнае заканадаўства.

Марат Гаравы,