У вёсцы Залессе Камянецкага раёна 30 ліпеня пачаў працу маладзёжны валанцёрскі палатачны лагер «Дом еўрапейскіх сустрэч».

Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў лагера — старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі, арганізатарам мерапрыемства выступіла Брэсцкае абласное маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Дзедзіч».

«На працягу дзесяці дзён 20 валанцёраў з Брэста, Камянецкага, Баранавіцкага, Пінскага, Пружанскага і Кобрынскага раёнаў будуць працаваць над стварэннем свайго «еўрапейскага дома», — сказаў Шыманскі. — Агульнымі намаганнямі актывістаў «Дзедзіча» восенню 2008 года ў вёсцы Залессе быў набыты цагляны дом 1931 года пабудовы. І ўжо другі год добраахвотнікі займаюцца яго рамонтам, стварэннем неабходнай інфраструктуры, каб затым праводзіць тут адукацыйныя, культурныя, спартыўныя і экалагічныя лагеры, а таксама семінары і канферэнцыі, у якіх будзе ўдзельнічаць моладзь з Беларусі і іншых еўрапейскіх краін».

Акрамя таго, праграмай валанцёрскага лагера прадугледжаны сустрэчы з літаратарамі і грамадскімі дзеячамі з Брэста і іншых рэгіёнаў Беларусі, музычныя вечарыны, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсія ў Волчын, дзе знаходзіўся радавы маёнтак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Як адзначыў Шыманскі, гэта другі такі маладзёжны валанцёрскі лагер у вёсцы Залессе. Актывісты «Дзедзіча» плануюць, што работы па стварэнні «еўрапейскага дома» будуць завершаны праз тры гады.

Ларыса Шыганава,