Старшыня саюза пісьменнікаў расказаў Еўрарадыё, чаму яўрэй-здраднік з яго новай кнігі мае такое ж прозвішча, як і вядомы беларускі блогер.

Мікалай Чаргінец выдаў новую кнігу пад назвай “Аперацыя “Кроў”. У ёй расказваецца, як напрыканцы вайны савецкія партызаны выратавалі групу дзяцей, якіх немцы выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві. Адзін з негатыўных герояў кнігі мае прозвішча Ліпковіч.

“Гэта зборны вобраз, мае дарагія. Я разумею, пра што вы хочаце запытацца. Гэты Ліпковіч, натуральна, па сваім характары даў мне нейкія рысы для агульнага вобраза. Але ён зборны. Вы лепш бы абмяркоўвалі тое, што тут немцы тварылі”, — расказвае Мікалай Чаргінец у гутарцы з Еўрарадыё.

Прапануем вам невялікі ўрывак з твора:

“Чуў, як Антончык у размове са сваімі сябрукамі згадваў прозвішча Ліпковіча. Антончык казаў, што з Ліпковічам яны нарабавалі шмат золата, здзіўляўся, што Ліпковіч па нацыянальнасці яўрэй, але гэта зусім не перашкаджала яму рабаваць і забіваць сваіх суайчыннікаў. І яшчэ, Антончык вельмі шкадаваў, што яны разам з Ліпковічам рыхтаваліся адпомсціць гестапа за тое, што арыштавалі і спалілі ў Трасцянцы сям’ю Ліпковіча. Але адбыўся выпадковы выбух”.

Непрыязныя адносіны паміж пісьменнікам Чаргінцом і блогерам Яўгенам Ліпковічам склаліся пасля таго, як Ліпковіч угледзеў у кнігах Чаргінца парнаграфію і правёў некалькі публічных акцый па спальванні кніг пісьменніка. За што адказваў у судзе.

Мікалай Чаргінец у сваю чаргу суда з Ліпковічам не баіцца. “Калі хоча сябе параўнаць з маім героем фашыстам, хай параўноўвае”, — гаворыць ён. І дадае:

“Часам, калі мне не падабаецца чалавек, то я гавару, што мне не хапае прозвішчаў для сваіх герояў. І таму я выбіраю сугучнае”.

Блогер Яўген Ліпковіч тым часам крыўды на пісьменніка не мае. Гаворыць, што нават вельмі задаволены. Праўда, больш хацеў бы праславіцца ў кнігах іншых аўтараў.

“Кнігі пішуць пра людзей, якія ў гісторыі пакінулі свой след. Пра Сталіна, пра Гітлера, пра Леніна. Ужо і пра мяне пачалі пісаць, выкарыстоўваць мой вобраз. Мне, вядома, не падабаецца, што гэта робіць такі дрэнны пісьменнік, як Чаргінец. Але тым не менш!”

Адпаведна, у суд на Чаргінца Ліпковіч падаваць не збіраецца. “Няма за што”, — гаворыць. І раптам дзеліцца сваімі творчымі планамі, дзе знайшлося месца герою з прозвішчам “Чаргінец”.

“Да мяне звярнулася здымачная група паўднёвакарэйскага тэлеканала, які займаецца фільмамі для дарослых. Яны звярнуліся з прапановай зняць экзатычны дэтэктыў эратычнага характару. На беларускую тэматыку. І вось першая серыя выйшла ўжо. Называецца “Іван Чаргінец і яго каза”.

Больш падрабязна з новым творам Мікалая Чаргінца можна пазнаёміцца на сайце афіцыйнага Саюза пісьменнікаў.