14 лістапада ў менскім гатэлі «Еўропа» адбыўся круглы стол «Беларусь на скрыжаванні інтэграцыі: адносіны з ЕС у сітуацыі фарміравання Еўразійскага Саюза»

 

Ніхто не возьмецца адмаўляць той факт, што Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры інтэграцыйных працэсаў. І Еўразійскі Саюз і Еўрапейскі Саюз хацелі б бачыць Беларусь сваёй складовай часткай. Але інтэграцыйныя працэсы нясуць пэўную рызыкуі і выклікі для сённяшняй беларускай дзяржавы.

Абмеркаваннем дадзеных праблем заняўся праект цывілізацыйнага выжывання , які ў ліпені гэтага года зладзіў круглы стол , на якім былі разгледжаны мажлівыя сцэнары інтэграцыі на еўразійскай прасторы. Настала чарга абмеркаваць праблемы беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

14 лістапада ў менскім гатэлі «Еўропа» адбыўся круглы стол «Беларусь на скрыжаванні інтэграцыі: адносіны з ЕС у сітуацыі фарміравання Еўразійскага Саюза», які быў арганізаваны ў рамках праекта “Цытадэль”, а таксама пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Рэспубліцы Беларусь і беларускіх бізнэс-колаў. Арганізатары добра паклапаціліся пра экспертны склад удзельнікаў. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаны эксперты дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў, прадстаўнікі бізнэсу, а таксама госці з суседніх краін.

На пачатку імпрэзы да прысутных з прывітальнымі словамі звярнуўся дырэктар Інфармацыйна-асветніцкай установы “Актуальная канцэпцыя” Аляксандр Шпакоўскі, які пажадаў удзельнікам плённай працы.

Наступнай слова ўзяла Майра Мора, глава Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь, якая ў сваім выступе акрэсліла асноўныя пазіцыі Еўрапейскага Саюза адносна Беларусі. Сярод іншага, спадарыня Майра Мора згадала палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі. Таксама глава Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь адзначыла паляпшэнне стасункаў паміж Беларуссю і ЕС пасля нядаўняга крызісу.

Каардынатар праекту “Цытадэль” Ягор Чурылаў распавёў падчас свайго выступу пра неабходнасць выпрацоўкі паводзінаў Беларусі ва ўмовах скрыжавання інтэграцыйных працэсаў.

Начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Раман Раманоўскі акрэсліў пазіцыю Беларусі ў адносінах да ЕС. Па яго словах далейше пагаршэнне адносінаў па між Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю не выгодна ніводнаму з бакоў

Юры Шаўцоў, дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі акрэсліў энэргетычную сітуацыю ў еўрапейскім і еўразійскім рэгіёнах, зрабіўшы высновы адносна вынікаў мажлівых інтэграцыйных працэсаў. Таксама ў сваім выступе ён адзначыў павелічэнне ролі Кітая ў развіцці Беларусі, якая нясе не толькі магчымыя выгоды але і рызыку.

Намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага Цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Леў Крыштаповіч адзначыў важнасць інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы для ЕС, бо гэта, на яго думку, выключае мажлівасць дэзінтэграцыі постсавецкай прасторы. Таксама ён назваў Еўрапейскі Саюз “траянскім канём ЗША на еўрапейскім кантыненце.

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай інтэграцыі Андрэй Ягораў у сваім выступе распавёў пра асноўныя прынцыпы еўразійскай і еўрапейскай інтэграцыі. У прыватнасці, ён адзначыў, што “дарожная карта” паляпшэння беларуска-еўрапейскіх стасункаў усім вядома. На думку эксперта, Беларусі неабходна ўвайсці ў склад Еўрапейскага Саюзу, паколькі гэта перадавое дзяржаўнае ўтварэнне ў эканамічным і палітычным сэнсе, у параўнанні з Еўразійскім Саюзам. Тым больш, што кошт інтэграцыі ў ЕС вядомы.

Старшыня праўлення ГА “Рэгіён” Валер Бандарэнка выступіў з багата ілюстраванай прэзентацыяй на тэму інфармацыйнага фону стварэння Еўрапейскага Саюзу.

Аляксандр Мірскі, старшыня Саюза Турыстычных Арганізацыяў, у сваім выступе распавёў пра неабходнасць адмены візавых абмежаванняў Еўрапейскага Саюза для грамадзянаў Беларусі. Пытанне вельмі надзённае, важнае і актуальнае, бо, як вядома, для большасці жыхароў нашай краіны атрыманне таго ж шэнгену звязана з цяжкасцямі.

Рамунас Янушаўскас, супрацоўнік Прадстаўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь па палітычных пытаннях, адзначыў, што Беларусі і Еўрапейскаму саюзу неабходна выпрацаваць ясныя правілы гульні.

Каміль Клысінскі, аналітык аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Цэнтра Усходніх Даследванняў (Польшча) у сваім выступе распавёў пра асноўныя напрамкі беларуска-польскіх дачыненняў, у канкэксце палітыкі Еўрапейскага Саюза. Таксама ён адзначыў, што, на яго думку, незразумела, што беларускія ўлады хочуць ад супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам.

Анна Марыя Дынер, аналітык Польскага Інстытута Міжнародных справаў МЗС Польшчы, працягнула лінію свайго папярэдніка, адзначыўшы асноўныя моманты польскай- еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

Пётар Пагародні, адзін з заснавальнікаў дыскусійнай пляцоўкі (Латвія) выступіў з дакладам пра сітуацыю ў Латвійскай Рэспубліцы пасля ўступлення яе ў Еўрапейскі Саюз. У прыватнасці, ён распавёў пра дэмаграфічную, эканамічную і сацыяльную сітуацыі ў Латвіі. Выступ запамінальны, бо аўтар падыйшоў да пытання еўрапейскай інтэграцыі з крытычных пазіцый, адзначыўшы не толькі плюсы, але і відавочныя яе мінусы.

Але самае цікавае чакала удзельнікаў, слухачоў і журналістаў у канцы. Найбольш цікавымі і насычанымі былі выступы гасцёў з Украіны. Іх можна па-праву назваць хэдлайнерамі дадзенага мерапрыемства. Прызнацца шчыра, я не чакаў такой крытыкі ў бок уласнай дзяржавы.

Прэзідэнт Цэнтра сістэмнага аналіза і прагназавання Расціслаў Ішчанка распавёў пра інтэграцыйныя праекты на прасторы ад Брэста да Уладзівастоку. Пад Брэстам ён меў на ўвазе французкі горад, а не беларускі. Таксама ў сваім дакладзе ён распавёў пра “асаблівую пазіцыю Украіны” адносна інтэграцыйных працэсаў. На думкую эксперта, ні Беларусь ні Украіну ніхто не чакае ў Еўрапейскім Саюзе.

Самым эмацыйным і цікавым выступам на маю думку была прамова Юрыя Раманенкі, дырэктара Цэнтра “Страцегма”, і па-сумяшчальніцтву рэдактара вядомага украінскага партала . Калі казаць у двух словах, то пазіцыя Раманенкі простая – скептычны погляд на ўсё, пачынаючы ад сваёй дзяржавы і скончваючы Еўрапейскім і Еўразійскім Саюзамі. Эксперт даволі красамоўна распавёў пра мажлівыя наступствы сусветнага эканамічнага крызісу для усходнееўрапейскага рэгіёну.

Завершыў круглы стол дырэктар Агенцыі сацыяльнага праектавання “Украінская праектная сістэма” Дзмітры Грамакоў, які літаральна ў некалькіх словах распавёў пра асноўныя напрамкі, перспектывы і тэндэнцыі украінска-беларускіх дачыненняў.

Пасля выступаў адбылася дыскусія, пад час якой эксперты абмеркавалі шырокі спектр пытанняў.

Гэта першае мерапрыемства падобнага кшталту, арганізаванае недзяржаўнай некамерцыйнай установай, на якім за адным сталом сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, Еўрапейскага Саюзу, а таксама вядомыя эксперты. Хочацца спадзявацца, што сябры праекту “Цытадэль” на гэтым не спыняцца і працягнуць арганізоўваць мерапрыемствы такога ўзроўня, на якіх будуць абмяркоўвацца актуальныя для Беларусі пытанні.