23 траўня Еўрапейскі Звяз у чарговы раз пашырыў раней прыняты «чорны спіс» неўязных асобаў, але так і не ўвёў пакуль супраць Беларусі эканамічных санкцыяў. Ці азначае гэта, што афіцыйнаму Менску ўдалося адстаяць сваю пазіцыю? Якія яшчэ інструменты ўплыву на тутэйшую палітычную сітуацыю засталіся ў аб’яднанай Еўропы?

Андрэй Фёдараў. Інфармацыя, якая з’явілася напярэдадні праведзенага 23 траўня паседжання Савета міністраў замежных спраў Еўразвязу, дазваляла выказаць здагадку, што і гэтым разам ён рызыкне рушыць за заклікамі часткі беларускай апазіцыі і пачне больш рашучыя дзеянні.

Так, 11 траўня Высокі прадстаўнік ЕЗ па замежных справах Кэтрын Эштан , што «адзіным магчымым адказам Еўразвязу на дзеянні Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца увядзенне жорсткіх санкцыяў у дачыненні да яго і прадстаўнікоў ягонага рэжыму». Яшчэ праз тры дні яна ж заявіла пра гатоўнасць Брусэлю «разгледзець прымяненне новых мэтавых абмежавальных мераў ва ўсіх сфэрах супрацоўніцтва».

А 16 траўня бэльгійскае выданне EUobserver , што ЕЗ вывучае магчымасць увядзення эканамічных санкцыяў. Пры гэтым сярод патэнцыйных «ахвяраў» упершыню былі названыя канкрэтныя прадпрыемствы: «Белнафтахім», «Трайпл», «Белтэхэкспарт» і «Беларуськалій».

Тым не менш, прынятае рашэнне цалкам ляжыць у ранейшым рэчышчы. Нагадаем, што ў адпаведнасці з ім спіс беларускіх афіцыйных асобаў, у дачыненні да якіх санкцыі ўжо дзейнічаюць, быў дапоўнены імёнамі 13 суддзяў і пракурораў, якія бралі ўдзел у судовых працэсах па справах, звязаных з падзеямі 19 снежня.

Такім чынам, фармальна атрымліваецца, што афіцыйны Менск пацярпеў толькі ад лёгкага спалоху. Аднак наўрад ці гэта стала вынікам ягоных дзеянняў, прыкладам, пагрозаў, што ў адказ двумстам прадстаўнікам беларускай апазіцыі , а паслоў шэрагу дзяржаў ЕЗ вымусяць пакінуць Беларусь. Амаль усе згаданыя еўрапейскія заявы былі зробленыя ўжо пасля таго, як нейкі невядомы прадстаўнік прэзідэнцкай адміністрацыі агучыў дадзеныя засцярогі.

Значна больш верагодна, што прычына палягае, па-першае, у абмежаванасці наяўных у распараджэнні Захаду сродкаў і, па-другое, у цяжкасці іх выкарыстання.

Сапраўды, з палітычных абмежаванняў, акрамя пашырэння згаданага спісу, прапанаваць што-небудзь рэальнае вельмі складана. Што ж тычыцца эканамічных, то не вельмі зразумела, скажам, якім чынам можна выканаць пастаўленае самім ЕЗ найважнейшую ўмову: «ударыць па дзяржаўным бюджэце, не прынёсшы крызісу ў далікатную эканоміку краіны», каб у выніку не пацярпелі звычайныя грамадзяне.

А вось калі яны пацерпяць, то можна не сумнявацца, што ўлады з пачуццём глыбокага задавальнення скарыстаюцца адкрыўшайся магчымасцю зваліць на Еўразвяз у вачах насельніцтва свае ўласныя памылкі, якія выклікалі крызіс, у якім зараз знаходзіцца краіна.

Ёсць падазрэнне, што ў значнай ступені гэта атрымаецца. Таму наўрад ці варта занадта ўжо актыўна крытыкаваць ЕЗ за яго асцярожную палітыку. Ён, хаця і не даваў клятвы Гіпакрата, але кіруецца асноўным прынцыпам медыцыны — «не нашкодзь!».