Распачынаючы грандыёзны скандал з байкотам саміта АДКБ Аляксандар Лукашэнка зрабіў памылку. Тую самую, якую раней, ва ўнутрыпалітычнай барацьбе, неаднаразова рабілі ягоныя апаненты. Ён паверыў у сілу права, паверыў ў сілу міжнароднай дамовы.

Здавалася б, Лукашэнка ўсё правільна разлічыў.

 

Ягоны байкот саміту павінен заблакаваць стварэнне сілаў хуткага рэагавання (гэткага СНД-шнага спецназу), а значыць, моцна ўдарыць па міжнароднаму аўтарытэту Крамля. Такая пагроза павінна была прымусіць Расею лічыцца з гаспадарчымі інтарэсамі свайго бліжэйшага саюзніка і прынесьці беларускаму бюджэту неабходную валюту.

 

Беларускае малако прыносіць 1 мільярд даляраў у год. Што такое гэтая лічба для Расеі? Ці вартая яна магчымасці прадэманстраваць сваё міні-НАТА і такім чынам пацешыць расейскія душы: маўляў, не толькі Амерыка мае саюзнікаў, гатовых разам з ёй і ў агонь, і ў ваду?

 

Здавалася б, адказ на гэтае пытанне вядомы, вось толькі гэтым разам наш Акела прамахнуўся. І прычына гэтага перш за ўсё ў абранай тактыцы.

 

Уся гульня Лукашэнкі была нечага вартая толькі ў тым выпадку, калі б лічыць, што для Расеі маюць значэнне нейкія СНД-шныя пагадненні, няхай сабе і апранутыя ў форму міжнароднага права.

 

Ну а што такое на Ўсходзе права? Што такое для Масквы пункт 1 правіла 14 правілаў працэдуры органаў АДКБ, зацверджаных рашэннем Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 18 ліпеня 2004 года?

 

Гэта тое самае, што Канстытуцыя РБ для мінскага спецназаўца. Гэта значыць, спасылацца на яе можна, але за наступствы гэтых спасылак ніхто адказваць не хоча. Калі па мордзе не дадуць – ужо добра.

 

Мае рацыю той, хто мацнейшы – гэта жалезнае правіла, якое Лукашэнка шмат разоў дэманстраваў ва ўнутрыпалітычнай барацьбе. Паводле ягонай жалезнай логікі, пра законы і артыкулы, а тым больш пра міжнародныя дамовы згадваюць толькі слабакі, на якіх не варта звяртаць увагу.

 

Цяпер Лукашэнка сам апынуўся ў ролі такога слабака.

 

Нібыта ён і мае рацыю, і пункт 1 правіла 14 правілаў працэдуры гэта бясспрэчна даводзіць. Але… Але Масква зрабіла як захацела. Цягнік паехаў. Той, хто заўжды абдурваў канкурэнтаў, сам застаўся ў дурнях.

 

Гэта балюча, але не смяротна. Тым больш што гульня працягваецца і цяпер галоўнае — не наступіць на “прававыя граблі” ў чарговы раз.

 


 

Анджэй Пачобут — журналіст і публіцыст, аўтар блогу «Без наркозу» на сайце «».