Чаму беларусы трываюць малыя заробкі і павышэнне цэнаў? Адказ на гэтае пытанне месціцца не ў гісторыі ды “менталітэце”, а ў нечым іншым.

Сённяшнім школьнікам і студэнтам на занятках гісторыі з асаблівым імпэтам расказваюць пра Другую сусветную вайну і геройства беларускіх партызанаў. Па праўдзе, моладзь гэтым цікавіццца слаба, таму адмысловы спецкурс “Вялікая Айчынная вайна” мала кім успрымаецца ўсур’ёз. Пакрысе з’яўляюцца навуковыя даследаванні, якія больш крытычна разглядаюць вайну і ролю ў ёй партызанаў.

Ідэолагі стараюцца не дапусціць, каб такія думкі шырока тыражыраваліся, бо “вайна – гэта наша ўсё”.

І праўда, чым яшчэ можна апраўдваць сваю бяздзейнасць цягам паўстагоддзя?

Але трэба прызнаць, што з’яўленне партызанаў у нашай краіне – з’ява заканамерная. Больш за тое – партызаны не перавяліся пасля 1944-га, партызан жыве ў кожным з нас.

Памятаю, як у дзяцінстве я сядзела на панадворку са сваёй сяброўкай. Мы частавалі адна адну каляровымі гумкамі ў выглядзе шарыкаў і разважалі, чаму не тоне ў малацэ. Я ведала, што пачастункі ёй прывезлі бацькі з Польшчы, яна ведала пра мяне тое самае. Проста ў беларускіх крамах такія ласункі яшчэ не прадавалі. Але абмяркоўваць гэта паміж сабой мы не маглі. Нельга было казаць, што твой бацька ці маці “ездзіць на Польшчу”.

Усе ездзілі, усе гэта ведалі, але партызаны павінны маўчаць – у іх заўсёды ёсць свая таямніца.

Альбо іншая гісторыя. Летась праз эканамічныя праблемы скарацілася ільготнае крэдытаванне на будаўніцтва. На форумах імгненна з’явіліся тысячы каментароў з абурэннямі. І здавалася, што будаўніцтва сапраўды “стане”, бо адкуль у людзей, якія стаяць на чарзе, тысячы долараў, каб заплаціць за далейшае будаўніцтва? Але дамы па-ранейшаму растуць, як грыбы. І калі пачынаеш абмяркоўваць жыллёвае пытанне, выяўляецца, што ў твайго суседа – здавалася, звычайнага чалавека з сярэднім заробкам – ці то тры, ці то чатыры кватэры ў Мінску ўжо ёсць, а пятую ён вось-вось дабудуе. Раён “Каменная горка” мусіў зрабіцца востравам сацыяльнага жытла – для шматдзетных сем’яў, інвалідаў, сілавікоў ды іншых малазабяспечаных грамадзянаў. Але цяпер гэта востраў арэнднага жытла. “Нашыя суседзі – гэта пераважна студэнты. Яны здзіўляюцца, што мы жывем у сваёй кватэры, а не здаем яе, – распавядае дзяўчына, якая нядаўна пераехала на Нёманскую. – Вось гэтая кватэра належыць настаўніцы музычнай школы, але яна тут ніколі не жыла, здае, як і дзве папярэднія. Нават рамонту не рабіла.

Студэнты заязджаюць па два чалавекі ў кожны пакой, і ўтвараецца міні-інтэрнат”. Чыноўнікі некалькі гадоў запар б’юцца з тым, як вырашыць праблему з арэндным жытлом у сталіцы.

Грамадзяне тым часам не задаюць лішніх пытанняў. Пакуль ёсць час, яны робяць на гэтым грошы.

Здавалася, што крызіс моцна закрануў кампаніі, наўпрост звязаныя з працай у валюце. Напрыклад, у сферы турызму. Праўда, ніводнае агенцтва не прызналася адкрыта, якімі былі страты, аднак публічна ўсе заяўлялі, што “сезон быў складаны, але мы вытрымалі ўсё паспяхова”. Але ж пра поспехі беларускія бізнесоўцы таксама не любяць расказваць. “Не будзем злаваць нашых канкурэнтаў”, – пачула я аднойчы ў адказ на адпаведнае пытанне. Проста партызаны маюць стратэгію: чым менш пра цябе вядома, тым лепш. З гэтай самай прычыны вы не адшукаеце шчырых інтэрв’ю беларускіх алігархаў, а “Google” выдасць адзін-два фотаздымкі з іхнімі выявамі. Але нават тыя з’явіліся тут выпадкова – ну не ўварочвацца ж ім было ад прэзідэнцкага пула! З чыноўнікамі тая самая сітуацыя. Іхнюю “сціпласць” выдаюць “блатныя” нумары на аўтамабілях. А так і не заўважылі б, што губернатар Берасцейскай вобласці Сумар ездзіць на “Audi A8” за 100 тысяч еўра.

Наконт турызму можна сказаць дакладна – партызаны ўмеюць адпачываць, і не раз на год, а часцей.

Менеджары турфірмаў часта расказваюць гісторыі, як да іх завітваюць кліенты, што працуюць на звычайных заводах (тых самых “гігантах беларускай прамысловасці” са шматлікімі пазыкамі перад дзяржаўным бюджэтам), але ні Турцыя, ні Егіпет іх даўно не цікавяць. “Замаўляюць В’етнам, Шры-Ланку, Кубу – гэта самыя папулярныя экзатычныя краіны цяпер. Мінімальна трэба мець 2 тысячы долараў на такі адпачынак”.

Праўда, пра гэта таксама ніхто не павінен ведаць. Калі вы бачыце ў беларускай прэсе шчаслівы расповед пра адпачынак на Балі ці Сейшэлах, ведайце: прозвішчы ды імёны герояў змененыя па іхняй просьбе. Партызаны людзі хітрыя і разумныя, але больш за ўсё яны баяцца падатковай інспекцыі. Бо ўсур’ёз думаюць, што інспектары сядзяць на турыстычных форумах і вывучаюць, хто дзе адпачываў і адкуль у іх на гэта грошы. Некаторыя партызаны, хоць і бізнесоўцы, але чамусьці не здагадваюцца, што інспектар можа прыйсці ў турыстычнае агенцтва і паглядзець на заключаныя з кліентамі дамовы, і ўсё – каварны план раскрыты! Не трэба выманьваць інфармацыю ў менеджараў, не трэба вывучаць форумы, можна проста прыйсці з праверкай. Тыя, хто пра гэта здагадваюцца, замаўляюць туры за мяжой.

Сярэдні заробак у Беларусі, паводле афіцыйных звестак, складае 400 долараў. Паводле гэтага паказніку нас можна параўнаць з В’етнамам, Кубай, Азербайджанам і Украінай. Але беларусы ў афіцыйныя звесткі не вераць. Яны самі зарабляюць, можа, і менш, але кожны мае свой “золатавалютны” рэзерв і не горш за Пракаповіча і Ермакову ведае, як ім распараджацца.

Калі Лукашэнка казаў пра зямлянкі, партызаны ў інтэрнэце пацяшаліся, але ў глыбіні душы кожны ведаў: у мяне для “зямлянкі” ўсё гатова

(нерухомасць у рэзерве, аўтамабіль на продаж, грэчка ды цукар на год наперад, шэнгенская віза ды інструкцыя з інтэрнэту, як папрасіць палітычны прытулак у ЕС). Ёсць партызаны, якія выходзяць на вуліцы і патрабуюць пераменаў. Ёсць партызаны, якія ніколі не высунуць носа з сваёй хаты. Але і тыя, і другія ведаюць: выйсце ёсць заўсёды, і мы не патонем пры любой уладзе. Беларусы, як партызаны, запаслівыя, яны не баяцца крызісаў.