Давайце разам бараніць сваю Радзіму Беларусь ад навалы асіміляцыі!

 

Ну і ўелася ж у косці нам, беларусам, ярмо несупыннай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Асабліва з тае пары, калі істотную колькасную перавагу ў вышэйшых уладных кабінетах займелі адарваныя ад нацыянальнага грунту чыноўнікі. Імі фактычна быў спынены рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне Бацькаўшчыны ў канцы ХХ стагоддзя. Сумнавядомы майскі рэферэндум 1995 года быў скарыстаны ўладамі дзеля хуткага выцяснення так не любай ім беларускай мовы.

Марна было б спадзявацца, што ў такіх неспрыяльных варунках мова нашай зямлі — родная мова тытульнай нацыі краіны — застанецца ў жывых, зноў загучыць шырока і свабодна, як магутная рака, што цячэ з глыбіні стагоддзяў. Спробы зрадзелага і збяднелага нацыянальна-свядомага пласта беларусаў выратавацца ад этнічнага вымірання з разлікам толькі на ўласныя сілы плёну не даюць, ды і не могуць даць станоўчых вынікаў. Бо вядома, што без актыўнай і зацікаўленай падтрымкі дзяржавы (чаго ў нас і ў паміне няма) немагчыма паўнавартаснае развіццё сфер адукацыі, культуры, літаратурнай дзейнасці, кнігавыдавецкай справы і г.д. Разлічваць на разуменне гэтай лёсавызначальнай праблемы з боку нашых улад, у чым мы пераконваліся не раз, папросту наіўна. Гэта робіцца ўсё больш відавочным з кожным днём.

Ніякіх, нават ледзь прыкметных зрухаў у тым, каб вярнуць душы народа —  мове і культуры — магчымасць паўнавартаснага жыцця, няма і блізка. Хутчэй, хутчэй зліёмся ў адзін народ з рускім, не важна, што будзем у гэтым саюзе папялушкамі на пабягушках (нават калі пакінем напышлівую форму і знешнюю атрыбутыку самастойнасці) — вось што чытаецца ў кожным кроку сённяшніх улад…

Па праўдзе, я вельмі дзіўлюся, што такая, даведзеная да абсурду сітуацыя не надта трывожыць беларускую інтэлектуальную эліту, большасць дзеячаў культуры, літаратуры і мастацтва. Ёсць жа ў нас знаныя артысты, музыканты, майстры слова, творчасць якіх грунтуецца (ці, хутчэй, павінна грунтавацца) на беларускай мове. У нас аж два пісьменніцкія саюзы, ёсць Рада беларускай інтэлігенцыі, таварыствы беларускай мовы і школы, нарэшце, апазіцыйныя партыі і рухі. А хто з іх шэрагаў, скажыце, важка і грунтоўна выказаўся па гэтай найвастрэйшай праблеме, падняўся ў абарону роднай мовы, якая гіне на вачах? Радуе, што не склаў свайго пяра ў адстойванні святой справы свайго жыцця славуты народны паэт Ніл Сымонавіч Гілевіч. Хвала яму за мужнасць і сілу духу! А ці ж многія робяць гэтак жа? Лічу, не больш за дзясятак. Хто ж тады стане будзіць грамадскую думку, патрыятычныя пачуцці, як не знаныя і прызнаныя ў народзе нашы творцы ў першую чаргу? На жаль, іх выразнага голасу на гэты конт не чуваць, маўчаць як вады ў рот набраўшы. Не хацеў бы нікога крыўдзіць, але не магу не сказаць горкай праўды: калі няма процідзеяння русіфікатарскай палітыцы ўлад, не будзе з іх боку і дзеяння на карысць адраджэння нашай мовы і культуры, без якіх няма і самога народа.

Спадзявацца, што як-небудзь перазімуем, наўрад ці слушна. Зіма ўсё набірае сілу. Калі так пойдзе і далей (а падобна, што так і будзе), то хутка, даражэнькія нашы пісьменнікі, вашых беларускіх кніжак, нават самых цікавых і змястоўных, не будзе каму чытаць. І застанемся мы ўсе чужынцамі ў сваёй краіне.

Сённяшні бязрадасны лёс Беларусі падзяляюць многія народы свету, бо і над імі навісла рэальная пагроза этнічнага вымірання. Гэта тычыцца і некаторых еўрапейскіх народаў, і народаў Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Паасобку ім, як і нам, немагчыма супрацьстаяць экспансіянізму вялікіх народаў, што непазбежна прывядзе да выцяснення і страты культур народаў не такіх шматколькасных. Дык чаму ж нам не аб’яднацца ў сваёй бядзе, не звярнуцца разам да ўплывовых міжнародных структур сусветнай цывілізацыі? Найперш — да такой аўтарытэтнай, як ЮНЕСКА. Гэта ж па яе ініцыятыве штогод 21 мая адзначаецца сусветны Дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця.

Калі прыгледзецца да складанейшых і ў многім супярэчлівых працэсаў на сучаснай культурнай прасторы ў розных кутках зямнога шара, то нельга не ўбачыць: культурная і моўная разнастайнасць, якою так даражыць чалавецтва, апынулася пад пагрозай разбурэння. Са стратай гэтай разнастайснасці адзін за адным знікаюць цэлыя народы. Паглядзіце, як сёння, ва ўмовах непазбежнай глабалізацыі, упарта адстойваюць права на захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, да прыкладу, каталонцы, баскі, галісійцы, валійцы, брэтонцы, шатландцы, правансальцы і г.д. Яны, маючы багатыя нацыянальныя традыцыі, не жадаюць знікаць з твару зямлі і кануць у Лету, здрадзіць запавету папярэдніх пакаленняў. У іх жа назапашаны багаты павучальны досвед змагання супроць культурна-моўнай асіміляцыі, інакш бы яны не дажылі да нашых дзён.

Лічу, што з мэтай дасканалага вывучэння і выкарыстання на практыцы такога досведу варта было б — пад эгідай ЮНЕСКА — правесці міжнародную канферэнцыю, скажам, пад арыентыровачнай назвай “Праблемы выратавання народаў Еўропы, якім пагражае этнічнае выміранне”. Месцам форуму лагічна абраць Беларусь. На вялікі сорам, наша краіна заслугоўвае такой ролі галоўным чынам таму, што тытульную нацыю Беларусі вядзе ў нябыт не хто-небудзь з суседзяў, а ўласнае, прычым суверэннае палітычнае кіраўніцтва! Гэта ўнікальная, нечуваная з’ява не толькі для еўрапейскіх краін. Таму мае сэнс правядзенне знакавага міжнароднага форуму менавіта ў Беларусі. Падаецца, гэта не прайшло б для нас бясследна, выклікала б шырокі рэзананс у грамадстве, прывяло б да выпрацоўкі маштабнага плана выратавання многіх іншых народаў, што не па сваёй волі  апынуліся на мяжы этнічнай пагібелі. Гэта ж факт, і факт надзвычай трывожны, што беларуская мова — сімвал і першая прыкмета, галоўная візітоўка нацыі — занесена ў Чырвоную кнігу выміраючых моў планеты…

Балюча, што на роднай зямлі для беларускага духу, слова і думкі амаль не засталося месца. Можа, тады, перад усім светам, нарэшце, засаромеліся б нашы занадта схільныя да “рюскамоўя” інтэлігенты-беларусы? І ў іх знікла б жаданне прыпадабняцца (прыводжу ў якасці паўсядзённага прыкладу) да адной літаратуразнаўцы, якая, працуючы на абсягу беларускай філалогіі, брала нядаўна ўдзел у радыёперадачы аб духоўна-культурнай спадчыне беларусаў. Вось дык дзіва: на беларускамоўныя пытанні радыёвядучай (што, дарэчы, бывае не так часта) вучоная дама вяла расповед пра славутага беларускага першадрукара, асветніка і буйнога культурнага  дзеяча эпохі Адраджэння Францыска Скарыну выключна па-руску! Наўрад ці падобныя гэтай “нацыянальнай дзяячцы” здольны набрацца духу, каб варушыць нацыянальную свядомасць у грамадзян краіны. Не на чужой жа мове яе варушыць…

І ўсё ж абнадзейваюць прыклады іншага кшталту. Паглядзіце, як дружна падняліся ў падтрымку гісторыка-патрыёта Андрэя Чарнякевіча — выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — яго калегі з усёй краіны і з-за яе межаў!. Каля сотні подпісаў паставілі ўжо яны, і не толькі гісторыкі (да іх далучаюцца ўсё новыя падпісанты з шараговых інтэлігентаў) пад пратэстам супраць цкавання выдатнага навукоўца, звольненага з працы з-за “страшнай” віны перад сённяшняй дзяржавай: глыбока вывучаючы і шануючы багатую гістарычную спадчыну зямлі, на якой жыве, вучоны напісаў цікавейшае і праўдзівае даследаванне пра мінулае і сучаснасць Гродна. Мала таго — апублікаваў дзіцячую казку пра наш святы герб Пагоня! Ганаруся ім і тымі, хто не збаяўся сказаць сваё слова ў гэтай, на жаль, ужо звыклай сітуацыі цкавання найлепшых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі.

Усё-такі не гасне надзея, што ўсё больш нераўнадушных беларусаў у адказны момант смела ўзвысяць свой голас у абарону захавання этнакультурнай самабытнасці краіны, нацыянальнай самасвядомасці нашага народа, супраць пачварнай навалы асіміляцыі праз дзяржаўную палітыку русіфікацыі.

Цалкам натуральнае, заканамернае жаданне нацыянальна пакалечаных народаў выжыць можа стаць магутным фактарам іх згуртавання, нягледзячы на рознасць этнічнага паходжання, культурнага жыцця, побыту, тэрытарыяльную размежаванасць. Моцна шкадую, што з-за свайго ўзросту (ужо размяняў дзявяты дзясятак) не магу браць непасрэдны ўдзел у арганізацыі такіх архіважных — нацыявыратавальных, нацыястваральных мерапрыемстваў. Упэўнены, што ў краіне знойдуцца актыўныя, з патрыятычнай, грамадзянскай пазіцыяй людзі, у тым ліку і моладзь, якія ўключацца ў мірнае змаганне за сапраўдную беларускую Беларусь. Беларусь, якая шануе і паважае ўсе народы зямлі і іх культуры, але не дасць у крыўду і свайго. І сумленне тых, хто зараз яшчэ маўчыць, заўтра можа ўстрапянуцца: “А няўжо я  горш за іншых  і застануся ў баку?”