Кампанія “Праўны пераклад” выпусьціла слоўнік прыкольных беларускіх выразаў. “Мы хочам, каб людзі, вярнуўшыся ўвосень – хто за манітор, хто за парту – маглі ўсьміхнуцца. Вывучыць пару слоўцаў, падкалоць імі сяброў ці адважыць ад сябе непрыемных людзей,” — кажа дырэктар кампаніі Аляксей Нарэйка.

 

Напрыклад, вось так можна было б апісаць адзін дзень з жыцьця студэнта:

Сёньня засялілі ў гуртажытак, або агульнягу, як яе называюць сябры. У лядоўні хрумкі (ежы) не было, таму мы абкашлялі (сур’ёзна абмеркавалі) гэтае пытаньне і рашылі ў першую чаргу разьвязаць гэты затык (складанасьць). Я апрануў кяпарык, мой сябра Віця – гняздо (вялікую зімовую шапку), і мы пайшлі па суседзях.

Першым пагонзалі (пайшлі) да Вадзіма. Ён хлопец сур’ёзны, такі пэтлах (мае даўгія валасы), піша дрысер (дысэртацыю), здае залікі самарукам (аўтаматам) і замест дрыскача (дыскатэкі) або дуплярняў (бардэляў) ходзіць у бляватцеку. Калі ён нас убачыў, то нарадзіў вожыка (вельмі зьдзівіўся) і пачаў мандзячыць кісьляк (распавядаць нецікава), што ўсё ўчора ноччу сам закішкаваў (змалаціў з галадухі). Ну, карацей, гаворыць хахламу (бязглуздзіцу).

Чмурэю ўшчэнт з гэтага Вадзіма!

Пайшлі мы тады ў “Хутка-жудка” (“Хутка-смачна”) і купілі хуткакашы (паўфабрыкату). І тут прыходзіць мне паведамленьне ад маёй бабеты (прывабная жанчына). Яна ў мяне вумэнджэра (бізнэс-вуман), але яшчэ не старая порхаўка (грыб, які дыміць). Кажа, каб я не маўчаў, а патэліў (патэлефанаваў) ёй як мага хутчэй, а то хутка сама прытрухае і зламае мне маю ПВА (плюшава-ватную абарону). Віця сьмяецца, што я ўклюпаўся (закахаўся) ў такую агрызу (сварлівага чалавека):

—    Варушы зразумелкай! Ты ж у яе за паддосьледнага пацучка!

Але я ня згодны:

—    Ды яна шкварная (вельмі добрая)! Мяне ад яе рэальна дрэнчыць (каўбасіць)!

—    Проста ў цябе вісяк (падвешаны стан)! Вось ты і цягаешся зь ёю на розныя схаднякі батанаў (сумныя, нецікавыя вечарыны)!

Я ня стаў абвяргаць ягоныя кашлявыя (слабыя) назюкваньні (нагаворы), бо я сапраўды маю пачуцьці, а ня так як некаторыя растармэхі (неахайныя) – пагуляюцца і кідаюць. І за гэта мне абавязкова будзе рышпект.


Дзякуем усім аматарам мовы, творы і сеціўныя старонкі каторых сталі крыніцамі слоўніку. Сярод іх прызнаныя мастакі беларускага слова (Р. Барадулін “Словы матчыны з Вушаччыны” – кніга “Здубавецьця” (http://old.knihi.com/baradulin/zdubavieccia4.html)), папулярныя старонкі (slounik.org, pravapis.org), беларускія краязнаўчыя арганізацыі (etnachka.eu – Гісторыка-краязнаўчае таварыства “ЭТНА”), СМІ (svaboda.org (Слоўнік Свабоды: XX стагоддзе ў беларускай мове: слова на дзень для памяці і для роздуму / [аўтар прадмовы А. Лукашук]. — [Б. м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, [2012]), http://nn.by/?c=ar&i=41363) і людзі, неабыякавыя да нашага слова (удзельнікі суполкі “Беларуская мова” ў ЖЖ (www.by-mova.livejournal.com), арганізатары Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! (www.adnak.by/)). Прыцягнулі ўвагу і некаторыя працы прыватных асобаў, сярод якіх кніга Ю. Пацюпы “Крывіцкі лексыкон” – слоўнік-дэтэктыў (http://news.arche.bymedia.net/2007-03/paciupa703.htm), а таксама шэраг невялікіх публікацый. Прыемна адзначыць, што беларускае слова, у тым ліку дыялектнае, актыўна прасочваецца ў моладзевы асяродак (прыкладам таму служыць дзейнасьць суполак, прысьвечаных беларускай мове, і асобных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі “Укантакце”, а таксама часопіс “Прафесіі будучыні: ТОП-44” / Укладанне Б. Арлоў, А. Стома, А. Шалаева і інш. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2006). Таксама вялікі дзякуй усім сябрам, якія дасылалі трапныя беларускія словы.

Маладзёны знойдуць у слоўніку прыкольныя словы з сучаснай рэчаіснасьці (ачмурэнны, бяз мазы, вакля, жарсткач, сьцябацца), бізнэсоўцы даведаюцца пра цікавыя назвы папулярных у іх асяродку рэчаў (вочка, гаманец, селектуха, шыльдзец), людзі сярэдняга ўзросту зьдзівяцца разнастайнасьці назваў звыклых рэчаў (набаніцца, набубеніцца, налыгацца, намурзацца, напіцца да зялёных мятлікаў). І ўсім будзе цікава даведацца, што боўдзілу і бухарыка можна прыгожа даслаць да ліхаматары, кінуўшы ўсьлед “Каб у цябе вошы за каўняром жаніліся!”, а злой суседцы, зьядусе і катламыйніцы, пажадаць “Каб твае куры ў вырай паляцелі!”

Усіх чытачоў чакае шмат беларускага гумару і самыя сьвежыя ўзоры жывой гаворкі. слоўнік і парадуйце сяброў і непрыяцеляў!

© Прыватнае прадпрыемства «Праўны пераклад» (УНП 590944824)