«Ты не павінен сумаваць, ты павінен пасміхацца, пасміхацца заўсёды. Ты яшчэ не стары, жыццё гэта свет, радасць і музыка. Ты можаш усё, змяніць свет так проста». Так часам адказваюць на крытычныя заўвагі аб небяспечных праявах накіраваных на знішчэння ўсялякай свабоды ў нашай дзяржаве на розных з форумах. Так кажуць з рэкламных плакатаў, з глянцавых часопісаў, з афіцыйных тэлепраграм і з сайтаў сродкаў масавай інфармацыі.

Мабыць я гляджу на свет праз іншыя акуляры. Бо калі я гляджу на нашу сённяшнюю беларускую рэчаіснасць, я бачу мала падстаў для ўсмешак. Мы дэградуем эканамічна, палітычна, маральна, інтэлектуальна. Мы не бачым выйсця з пасткі, у якую патрапілі дзякуючы рэжыму Лукашэнкі. У гэтай смуроднай, удушлівай атмасферы карыкатурнага саўковага ладу парасткі добрых надзей і пачынанняў гніюць яшчэ не паспеўшы выпрастацца. У цэлым улада зрабіла з Беларусі краіну немагчымасцяў, ёсць выключэнні, але я пра асноўны фон.

Калі мне раяць не браць у галаву і заўжды пасміхацца, мне прыгадваецца наступнае: «Таварыш Кім Чэн Ын, звяртаючыся да членаў 4-га з’езду першасных работнікаў КССМ, адзначае: «Маладым людзям у галіне літаратуры і мастацтва варта на раскрытых крылах творчага палёту магутна разгарнуць рэвалюцыйную творчую дзейнасць, каб ссыпаліся ў нас, як вадаспад, шэдэўры эпохі, якія карыстаюцца любоўю народа. Юнакі і дзяўчаты, ідучы ўзорам рэвалюцыйнай воінскай культуры, павінны ўсталёўваць высакародны вобраз эмацыйна-культурнага жыцця і з шырокім размахам масава-культурнай, мастацкай дзейнасці заўсёды жыць у насычанай рамантыцы і захапленні». Жыць у насычанай рамантыцы і захапленні, жыць у насычанай рамантыцы і захапленні, жыць у насычанай рамантыцы і захапленні, — вось чаго чакаюць ад народа дыктатары, ружовых акуляраў на носе кожнага чалавека.

Той, хто прасоўвае вучэнне аб тым, што трэба заўсёды пасміхацца, не ў чым не сумнявацца і не чым не замарочвацца часцяком спасылаецца на тое, што гэта так па-еўрапейску. Але яны забываюць, што Еўропа паўстала дзякуючы дуалізму, дуалізму ў розных сферах. І што побач з добрым, бестурботным настроем заўжды жыло злое, дзёрзкае, крытычнае мысленне. Дзякуючы яму нараджаліся рэфарматары і клікалі народы да лепшай долі насуперак тыранам, дзякуючы яму навукоўцы даказвалі тое, што было не даспадобы ўкаранёнаму за шматлікія стагоддзі дагматызму, дзякуючы яму рабіліся геаграфічныя і тэхнічныя адкрыцці, дзякуючы яму мы маем сёння шэдэўры мастацтва. Не думаю, што Калумб, даплыўшы нарэшце да Амерыкі, якую ён лічыў Індыяй, пасміхаўся бестурботнай, сярэднестатыстычнай усмешкай, не думаю, што Галілей рабіў свае адкрыцці з такім выразам твару, не думаю, што Фаусту Гётэ ўласціва такая ўсмешка – у таго, хто вечна шукае твар асвятляецца іншымі рысамі.   Ну і потым, у сённяшніх еўрапейцаў падстаў для ўсмешак невымерна больш чым у нас.

Я буду пасміхацца добраму надвор’ю, я буду пасміхацца першым цёплым промням у вясну, я буду пасміхацца светлай марознай зімовай раніцы. Я пасміхаюся добрым людзям, сябрам, любай жанчыне. Але сённяшняя улада, якая руйнуе Беларусь, выклікае зусім іншы выраз твару.

Аляксандр Кашо