Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі часта кажа пра трэці шлях развіцця нашай краіны. Пад гэтым маюць на ўвазе, што мы павінны пайсці нейкім сваім шляхам, які будзе адрознівацца і ад усходніх дэспатый, і ад заходніх дэмакратый. Але на самой справе ніякага трэцяга шляху не існуе. Ідэя трэцяга шляху паўстала ў галовах нашых чыноўнікаў, каб апраўдаць сваё незаконнае знаходжанне ва ўладзе вось ужо каторы год, каб апраўдаць сваю правальную палітыку ў эканамічнай, сацыяльнай, адукацыйнай і іншых сферах.

Вось напрыклад, кіраўнік МЗС Макей кажа, што Беларусь яшчэ не саспела да дэмакратыі: “Мы, вядома ж, маглі б увесці кіраваную дэмакратыю з панядзелка, з 9:00 раніцы, і ўсе жылі б па гэтай кіраванай дэмакратыі. Але Вы павінны выдатна разумець наступнае — я заўсёды кажу гэта нашым еўрапейскім партнёрам — нельга заснуць у таталітарнай Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў дэмакратычнай еўрапейскай краіне. Для гэтага патрабуецца пэўны час. І справа не ў кіраўніцтве Беларусі, а справа ў менталітэце, традыцыях, культуры народа, у эканамічнай сітуацыі, у звычках».

Тут мы бачым двойчы хлусню. Па-першае, не можа быць ніякай кіраванай дэмакратыі, бо дэмакратыя гэта найперш прынцып падзелу ўладаў, а таксама свабода слова, і такая сістэма па вызначэнню не можа быць кіраванай, яна існуе дзякуючы сістэме стрымліванняў і супрацьвагаў. Па-другое, міністр хлусіць, што справа не ў кіраўніцтве, а ў менталітэце. Ён як прадстаўнік урада Лукашэнкі з’яўляецца адным з механізмаў гэтага рэжыму, які і не дае прасоўвацца дэмакратыі ў Беларусі праз адсутнасць сумленных выбараў, праз падпарадкаванне ўсіх галін улады аднаму чалавеку, праз пераслед палітычных апанентаў і ўсіх, хто спрабуе выказаць крытыку ў бок улады.

Выглядае так, як быццам кіроўца вялізнага грузавіка, які перагарадыў сваёй машынай усю дарогу, замест таго, каб наўпрост адагнаць машыну ў бок, спрачаецца з іншымі ўдзельнікамі руху, і на іх папрокі і патрабаванні пачынае разважаць на метафізічныя тэмы і казаць, што нельга так адразу пачынаць рух, што трэба праверыць узровень масла ў рухавіку, ціск у шынах і перачытаць правілы дарожнага руху. Зразумела, што станецца з такім “метафізікам” і яго транспартам – кіроўцы самі адсунуць яго машыну. Але ж з нашай нелегітымнай уладай так не атрымліваецца, бо занадта шмат рэсурсаў кінута на тое, каб не дапусціць далейшага руху. І таму нашыя чыноўнікі распавядаюць нам гісторыі пра тое, што мы, маўляў, не саспелі да дэмакратыі, усімі сродкамі і сіламі пры гэтым адцягваюць яе надыход. Гэта падобна на нейкае трызненне.

Усё гэтыя размовы пра трэці шлях небяспечныя для краіны. Мы і так страцілі больш за 20 год. Няшчасны той народ, якому ўлада рыхтуе трэці шлях, бо гэта азначае, што раней ці пазней гэтаму народу прыйдзецца шукаць пяты кут.