На антрэсолях і ў шафах сабраліся камплекты “Нашай Нівы” за 11 год – з 2001-га па 2011 год. Адсутнічае мо які дзясятак нумароў. Цяпер парадкую гэтыя камплекты па нумарах і заадно раблю сваю бібліяграфію (пра тое, што трэба самому складаць сваю бібліяграфію, казалі мне і Віталь Скалабан, і Алег Трусаў). Учора камплекты за 2001 і 2002 гады занёс у музей. Сёння занясу нумары за 2003 і 2004 гг.

З 2003 года “НН” стала выглядаць як сапраўдны тыднёвік (der Wochenschrift, weekly; на першае месца стаўлю нямецкі тэрмін, бо друкарская справа пайшла з Нямеччыны, да таго ж нямецкая мне “раднейшая”).

Я аж залюбаваўся нумарамі за 2005 год. Чамусьці згадалася “Неделя” – вельмі папулярны штотыднёвы дадатак да «Известий». Так, была там ідэалогія, але былі і літаратура, і пазнавальныя матэрыялы. Матэрыялы на цэлую паласу і болей. Для аматараў сур’ёзнага чытання.

У 2006-м, 2007-м і да 15 траўня 2008 года “НН” выходзіла фарматам з канцылярскі аркуш. Яе папярэдніца ў 1909–1911 гг. выходзіла трохі мешым фарматам, але, на маю думку, у параўнанні з “НН” пачатку ХХІ стагоддзя выглядала больш салідна. Тут шмат што залежыць і ад вёрсткі. Узяць бы хоць тое, што многія матэрыялы ў сучаснай “НН” не выроўніваліся па шырыні.

А што тыднёвік выходзіў такім фарматам, дык у тым віна ўладаў, якія выключылі газеты з каталогу падпісных выданняў. Фармат “НН” дастасоўваўся да фармату канвертаў, у якіх тыднёвік дасылалі падпісчыкам.

З нейкага часу (я дабраўся толькі да 2007 года, таму не магу назваць год канкрэтна), “НН” перастала быць тыднёвікам. Яе публікацыі здрабнелі ў сэнсе аб’ёму, стала менш аналітыкі, менш пазнавальных матэрыялаў, але затое ў нумар упіхваецца больш штодзёншыны.

Можа, гэта выклікана тым, што адзіная недзяржаўная штодзённая газета “Народная Воля” перастала быць штодзённаю, можа – арыентацыяй на больш шырокую аўдыторыю, а не толькі на інтэлігенцыю, але відавочна, што перанасычанасць дробнымі матэрыяламі-штодзёншчынай разбурае канцэпцыю тыднёвіка і ператварае “НН” у нешта сярэдняе паміж Wochenschrift’ам, weekly і die Tageszeitung, daily newspaper.

Я мару пра тое, што будуць у нас і штодзённыя газеты, і тыднёвікі, і тое, што на захад ад Буга называюць магазынамі (das Magazin, magazine). Мару, што “НН” зноў стане выданнем для ўдумлівага чытання.

Гартаючы нумар за нумарам “НН”, я ўпэўніўся, што старыя газеты абавязкова трэба чытаць нашым палітолагам. І выявіцца, што некаторыя з іх з дурной рэгулярнасцю паведамляюць нам аб чарговай лібералізацыі рэжыму. Пагаратайце “НН” ад 2004 года. Назіраецца такая цыклічнасць: “выбары” (прэзідэнцкія ці ў палатку), пасадкі, “лібералізацыя” перад чарговымі “выбарамі”, зноў “выбары”, зноў пасадкі, зноў “лібералізацыя”… 2004, 2006, 2008, 2010… Хочацца спадзявацца, што 2012 год пакладзе канец гэтай дурной цыклічнасці.