На другі дзень кніжнай выставы Мікола Нікалаеў з Санкт-Пецярбурга, сустрэўшыся са мной, падарыў невялічкую кніжку, якую я тут жа паклаў у партфель і толькі сёння дастаў, каб паглядзець, што за падарунак атрымаў. А атрымаў я кніжку Мішы Сапегі “Рознае”, якую на беларускю мову пераклаў Мікола Нікалаеў.

Ва ўступным слове напісана: “ Час пазнаёміць Беларусь з адметнай з’явай сучаснай піцерскай культуры. Гэта Міша Сапега — ён нарадзіўся ў раёне Маскоўскага праспекта, які за царом называўся Забалканскім праспектам. Дзед Мішы—Міхаіл Васільевіч Сапега, ураджэнец вёскі Сапегі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, пасяліўся тут каля 1929 г. і стаў шліфоўшчыкам на ваенным заводзе. Бацька Мішы Сапегі, Генадзь Міхайлавіч і дзядзька, Віктар Міхайлавіч, сталі маракамі. І Міша Сапега стаў мараком. Ён вучыўся ў Макараўцы (зараз акадэмія імя адмірала Макарава) і дзеля практыкі нават хадзіў матросам па вялікай сібірскай рацэ Калыме. Але пасля гэтага змяніў курс. Міхась далучыўся да Міцькоў. Група “Міцькі” — гэта “піцерская” субкультура Ленінграда напярэдадні перабудовы і рэспектабельныя дзядзькі з настальгічнага Ленінграда ў Піцеры нашых дзён. На мяжы тысячагоддзя (1995—2011) часткай праекту “Міцькі” стала выдавецтва “Чырвоны матрос”, заснаванае Мішам Сапегам. “Чырвоны матрос” выдаў каля двухсот кніг… З кнігай Сапегі ў дом прыходзяць нявыдуманыя віды прыгожага і жывога Піцера, апалітычныя рэфлексіі з прахадных двароў нашага гораду, успаміны дзяцінства і іранічная філасофія патомнага пецярбуржца з беларускім княжацкім прозвішчам”. Не магу не працытаваць:

Санкт-Пецярбург.
а ў маім Ленінградзе
столькі варон не было…

х
слухаючы музыку,
пальцы часам абпаліш,—
толькі тады і заўважыш,
што цыгарэта сатлела…

х
захварэю… памру…
а пакуль—
сонца, вецер, віно, тралі-валі…
х
на дзіцячай пляцоўцы
сабакі гуляюць вяселле…—
ламбада!