Танны газ разбэшчвае, дазваляе кіраўнікам не напружваць мазгі, а то і ўвогуле іх адключаць. Мы целяпаемся ў сваёй твані, выводзім у балансах прыгожыя лічбы і радуемся.

Радыё Свабода штодня дае ў эфіры галасы сваіх слухачоў. Многія з іх ужо сталі ўсяроўна як штатнымі, іх галасы пазнаюцца з першага слова. Адзін з іх (хутчэй за ўсё адстаўнік-палітработнік, у вачах другіх вайскоўцаў – звычайны гультай) сёння бэсціць крытыкаў уладнага рэжыму. «Газ будет стоить в два раза дешевле. Это же революция! Это же грандиозный прорыв. Да американцы бы за такие условия руки-ноги целовали своим благодетелям… А вы, нанятые критиканы, злобствуете, верещите, пугаете честных людей!.. Да плоды союзного государства уже видны!»

Можа для некага гэта і вялікая навіна. Але ж тое, што расійскі газ Беларусь заўсёды мела па самым ільготных тарыфах. Якая ўжо тут рэвалюцыя?!

Ці дапамагла нам такая ласка дагнаць у нечым Еўрасаюз? Вывесці МАЗы на ўзровень Рэно альбо Сканія, трактары на ўзровень Джон Дзіра? Не гаворачы ўжо пра электроніку, ці хаця б абутак, адзенне… Не, не і не.

Танны газ разбэшчвае, дазваляе кіраўнікам не напружваць мазгі, а то і ўвогуле іх адключаць. Мы целяпаемся ў сваёй твані, выводзім у балансах прыгожыя лічбы і радуемся.

Што б ні рабіў зараз Аляксандр Рыгоравіч, як бы ні мітусіўся, ні лётаў на казённым Боінгу, усёадно для нас наперадзе толькі большыя і гарчэйшыя праблемы.

Подпісы на паперах, поціскі рук і абдымкі ў Маскве, мноства слоў пра выгоды, пра прарывы, пра сусветныя тэндэнцыі для беларускіх грамадзян з’яўляюцца знакамі бяды.

Дзве навіны, пачутыя сёняшняй раніцай: расійскі газ для Беларусі стане таннейшым; малочныя прадукты прадаюцца ў нашых крамах у карысць спажыўцоў з вялікімі стратамі для вытворцаў. Нібыта і адно і другое павінна радаваць нас – гэта ж трэба, які велізарны клопат!
Але, колькі б не каштаваў той самы расійскі газ для Беларусі, абсалютна нічога для грамадзян не стане таннейшым, бо спажывец, які жыве ў кватэры альбо ў сядзібе, як і спажывец, які мае ва ўласнасці вытворчасць, будзе па-ранейшаму плаціць многа, нашмат больш, чым дазвалялі палёгкі з боку расійскага Газпраму. З нас даўно лупяць па некалькі скур і яшчэ прымушаюць радавацца, маўляў, вы ж не даплочваеце па 60 адсоткаў ад сапраўдных рахункаў. У першую чаргу, маецца на ўвазе аплата камунальных трат. Ніхто і ніколі не ўзяў на сябе абавязку растлумачыць, дзе і ў чым спажывец не даплочвае, чаму ён пастаянна застаецца вінаватым.

Хаця расійскія сродкі масавай інфармацыі пераканаўча даказваюць, што ў жыллёва-камунальнай сферы існуе вялікі падман, пражэрлівыя дзіркі, неэфектыўная трата сродкаў. Мо нашы беларускія спецыялісты ўцяклі далёка наперад ад сваіх калег з Расіі? Нешта не верыцца, бо і методыкі разлікаў адны і тыя ж, і абсталяванне з адных рук купленае, і праекты бы блізняты…

Карацей, меншыя кошты на газ зробяць палёгку для нашых так званых топ-менеджэраў, маючых здольнасць тапіць грошы ў глыбокіх прорвах, будзе чым затыкаць дзіркі і тут, і там.

Тое, што ў нас малако і прадукты з яго сталі надзвычай дарагімі, а нам цвердзяць, што нам прадаюць яго з міласць у паўтара разы танней, сведчыць, што трыльёнамі, убуханымі ў будаўніцтва новых ферм, умацавана сістэма паказухі, а эфектыўнасць іх адмоўная.
Ніхто не можа зараз адказаць на пытанне, за якія-такія ласкі Расія зніжае кошты на газ. Проста так? Не верыцца! Беларусь спакойненька ўцягваюць (ці ўжо ўцягнулі) у аглоблі, і лейцы будуць у руках крамлёўскіх гаспадароў.

Уцягванне Беларусі ў азіяцкія аб’яднанні вельмі трывожныя. Парушаецца канстытуцыйны прынцып беларускага нейтралітэту. Мы, маленькія, хочам быць падобнымі на вялікіх. Нам не хочацца будаваць сваё жыццё па швецкіх альбо швейцарскіх мадэлях…

З вуснаў кіраўніка краіны ўжо гучалі словы аб магчымасці вайны на баку сваіх саюзнікаў. Нам толькі гэтага не хапала! А там, у Сярэдняй Азіі, кацёл, пад якім шугае агонь. Побач Афганістан, Узбекістан мае сур’ёзныя прэтэнзіі да дзяржаў-суседзяў.

У дадатак да гэтага расійская прэса часта і пераканаўча піша пра небяспечнейшы паток наркотыкаў, які залівае Маскву і другія гарады. У Таджыкістане і Кіргізіі такі шалёны абарот наркотыкаў, што ў грашовым вымярэнні ён прыблізна ў 4-5 разоў перавышае аб’ём усяго валавага прадукта. Лёгка ўявіць сабе, як гэты нелегальны бізнес уплывае на легальны. З уцягваннем у розныя саюзы мы атрымаем у сябе магчымасць на ўсю поўніцу спазнаць, якое гора нясе гэты парок.
Нам гэта трэба?
Прагучала згадка пра паступленне новых расійскіх ракет у Беларусь.

Не паглыбляючыся глыбока, падкрэслю толькі адну акалічнасць. Расія ненадзены ваенны партнёр, не гледзячы на яе гіганцкія памеры. Адна толькі асаблівасць – ядзерныя сілы. Але ж хіба імі можа карыстацца ў канфліктах нармальны чалавек? Не, толькі вар’ят!

А ў астатнім? Пан Мядзведзеў на прэсавай канферэнцыі ў сталіцы Башкірыі фактычна прызнаў, што, напрыклад, слава аўтаматаў Калашнікава засталася ў мінулым. У свеце з’явілася другая зброя, якая па выразу расійскага прэзідэнта страляе “цельче”.

У гэтым годзе міністр абароны Расіі Сердзюкоў прызнаў, што танкі расійскай вытворчасці нашмат горшыя за аналагічную тэхніку з Еўропы. Усур’ёз ставілася задача аб закупцы, па-мойму, французкіх танкаў.
Баявы канфлікт з Грузіяй таксама паказаў, што на расійскую армію цяжка спадзяваццаў сур’ёзнай справе. Калі камандуючы арміяй вымушаны быў прасіць журналістаў дапамагчы па іх тэлефонах звязацца з Масквой, то ўжо тут гаварыць… Задушылі грузінаў масай.

Прыхільнікі ўсякага кшталту братанняў, інтэграцый, саюзаў цешацца, а сваіх апанентаў вінавацяць ва ўсіх смяротных грахах. Яны, гэтыя самыя прыхільнікі, забываюць, што мы наглядаем не братанне народаў, а супадзенне інтарэсаў кіраўнікоў дзяржаў. А гэта далёка не адно і тое ж. Беларусь падпісала дамову з гаспадарамі Крамля і Астаны, а не з расійскім і казахстанскім народамі. Расіі хочацца аднавіць свае імперскія памкненні і паказаць грамадзянам напярэдадні выбараў, што яны збіраюць землі пад галовы арла, мінскім гаспадарам трэба ўтрымацца ва ўладзе, Назарбаеву трэба даказваць, што ён нездарма навечна ўладкаваўся на пасадзе прэзідэнта. 

Артадоксы,народжаныя савецкім часам, і цяпер яшчэ кідаюць у размовах козыр, маўляў, не хапала ўсім каўбасы, але ж Савецкага Саюза ўсе баяліся, бо дзяржава была наймацнейшай!..

Можа многія заўважылі, што па меншай меры дзве афіцыйныя сталіцы – Мінск і Масква то адкрыта, то прыкрыта сімпатызавалі лівійскаму монстру Каддафі. Усе кіраўнікі ствараемага саюза не хаваюць сваіх дыктатарскіх памкненняў.

Вы мо чакалі, што прагучыць абяцанне аб зніжцы коштаў на газ для грамадзян? Чакаеце? Чакайце, з’ясце сыру, які чамусьці знікае з паліц крам…
Тым часам рэзка падвысіліся кошты на паслугі паштовай сувязі і абанементнай тэлефоннай сувязі. Ніхто не хоча заставацца ў баку ад рабавання людзей, усе падвышаюць, павялічваюць, – зразаюць свой пласт масла, каб пакінуць шэраговых едакоў з нішчымнымі бульбай, буракамі і капустай.