Працую ў гімназіі, але не ў Мінску, а пад Мінскам. Не буду называць горад, скажу толькі, што раней там быў ваенны гарадок. Трэба таксама нагадаць, што ў СССР дзеці ваенных маглі адмовіцца адвывучэння беларускай мовы.

Дык вось, працую я не толькі ў сярэдняй школе, але і ў малодшай (чаму? – ніжэй). Прыходзіць да мяне маці аднаго вучня і кажа, што яе сын не разумее беларускай мовы (маецца на ўвазе, увогуле не разумее, што я кажу на ўроку), але яму патрэбна добрая адзнака за чвэрць.

Кажа, што сама нічым не можа дапамагчы – дачка ваеннага.

Таксама прыкмячаю, што дзеці ў другім класе, калі я ім тлумачу матэрыял, сядзяць і глядзяць на мяне як баран на новыя вароты. Трэба дадаць, што толькі з другога класа пачынаецца вывучэнне беларускай мовы, а ў першым класе, толькі знаёмства: вусныя ўрокі.

Як сябе помню, заўсёды разумела беларускую мову, не было пытанняў: “а як гэта? Перакладзіце, я не разумею”.

Чаму толькі ў нашай краіне можа здарыцца такая сітуацыя? Чаму ў іншых краінах не прыходзяць да настаўнікаў і не кажуць такія глупствы?

Маўляў, я не ведаю роднай мовы, не магу дапамагчы свайму дзіцяці! А чаго ты тут жывеш? Едзь у Расею, калі ты ведаеш толькі расейскую мову. Што гэта за адносіны такія: мы жывем на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, але мовы не ведаем!

З той жа прычыны, што бацькі былі ваенныя, настаўніцы малодшай школы не ведаюць роднай мовы, і мне прыходзіцца выкладаць яшчэ і там. Але ўсе добра памятаюць: у малодшай школе выкладае ўсе прадметы  адзін настаўнік. Гэта нікога не цікавіць, што я філолаг, а не настаўнік малодшых класаў.

Сорамна за людзей! Як так можна? І не трэба прыкрывацца тым, што ў нас двухмоўе ў дзяржаве. Двухмоўе азначае тое, што мы павінны ведаць абавязкова і рускую і беларускую мовы. Тым больш, мы павінны добраведаць беларускую мову, таму што гэта мова нашых продкаў.

Хочацца нагадаць словы Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.

Падумайце, калі ласка пра гэта!