Дзень 26 красавіка атрымаўся напружаным, мяне закінула далекавата ад Мінска. Не настолькі далёка, каб не дабрацца ў патрэбны момант к месцу збора “Чарнобыльскага шляху”, але неяк з сорамам адчуў, мяне туды не цягне. У адрозненне ад другіх вёснаў, калі ўжо загадзя душа трымцела ад чакання цуда.

Цудаў даўно не здаралася. Грамадскі настрой зніякавеў. Сёлета сачыць на сайтах за абнаўленнем сітуацыі ад акадэміі навук да Бангалора не было патрэбы. Усё будзённа, казённа, сумна… Некалькі соцень чалавек – гэта параза.

Чакаем, што ўспыхне вогнішча, а тут ніводнай іскры не відно.

Каму прэтэнзіі? Ды нікому. Згуртаваліся такія праслойкі людзей, якія заняты выключна асабістымі справамі. Так званыя прадпрымальнікі куюць грошы, выпівохі прасаджваюць усё, каб нічога не шамацела ў кішэнях. Разумныя студэнты чародамі ірвуцца на Захад, хітрыя прымазваюцца да БРСМ, чынавенства крадзе, афіцыйная журналісты займаюцца трындзеннем, неафіцыйных засталося столькі, што іх не для ўсіх музееў хопіць на экспанаты.

Калі гэты сон для таго, каб мы хутка прачнуліся, то ёсць хоць некае спадзяванне на лепшае. А калі нішто нас не разбудзіць?.. То што тады?

Лукашэнка раз-пораз падкідвае інфармацыйныя бомбы. А яны не ўзрываюцца! Яму патрэбны два дзесяткі самалётаў. Яму патрэбны, а нам яны навошта. Па-першае, не веру, што ваенныя расійскія самалёты – цуд тэхнікі, калі грамадзянскія – набор з ламачча. Па-другое, няхай сабе расійскія самалёты паліваюць напаўзгарэлай газай галовы расійскіх грамадзян. Што ім тут трэба?! Ваення база другой краіны – гэта мішэнь. І толькі! Мішэнь, па якой будуць біць у першую чаргу ў выпадку канфлікту.

Лукашэнка сказануў, што вы, маўляў, ведаеце мой характар – і вам (азначае, нам) няма чаго баяцца за згубу суверэнітэту. Ведаем характар, таму і баімся!

Баімся, таму што нават у лялечным парламенце надзённейшыя рэчы не абмяркоўваюцца.

Мы ўсё далей і далей ад нейтралітэту, чым маглі б ганарыцца і цешыцца.